Азербайджан: Даграмач (Doğramac ) — халаднік на базе ёгурту

Назва «Даграмач» паходзіць ад doğramaq (агузская група цюркскіх моваў) – «наразаць на дробныя кавалкі, секчы, крышыць».

У арыгінальным рэцэпце выкарыстоўваецца слова «Qatıq» (катык) – кісламалочны прадукт з кіпячонага малака. Найбольш адпаведная замена – тлусты грэцкі ёгурт.

Таджыкістан: Манты з гарбузом (Манту бо каду)

«Каду» перакладаецца з таджыкскага як «гарбуз», з гэтай часткай назвы ўсё зразумела.
А вось адкуль у Таджыкістане ўзяліся манты – гэта пытанне больш складанае…

Ёсць дзве асноўныя версіі іх з’яўлення ў Сярэдняй Азіі.

Першая – манты прыйшлі з Усходу, дзе ёсць падобныя стравы з блізкімі назвамі: карэйскія манду, японскія мандзю і кітайскія маньтоў.
Менавіта кітайскія маньтоў (饅頭) лічацца ў гэтай версіі прабацькамі стравы – іх згадкі з’яўляюцца яшчэ ў ранніх запісах дынастыі Цзынь 266–420 гадоў нашай эры.
А ў Сярэднюю Азію яны трапілі ў часе мангольскіх заваёваў – з Усходу на Захад.
Вось толькі нестыкоўка ў тым, што маньтоў – гэта паравыя булачкі без начынкі, а з начынкай – гэта ўжо баацзы… Напэўна, для мангола-татараў не надта істотнай была наяўнасць ці адсутнасць начынкі.

Другая версія – манты прыйшлі з Захаду, з Асманскай імперыі: рэцэпт паравых мантоў з баранінай знайшлі ў кухарскай кнізе XV стагоддзя, якую напісаў Мухамед бін Махмуд Шырвані. А ў Cярэднюю Азію яны маглі трапіць па Шаўковым шляху, з Захаду на Усход.

Большасць даследчыкаў схіляецца да першай версіі – надта даўно там на Усходзе ўсё прыдумалі.

Дарэчы, манты з гарбузом – найбольш распаўсюджаныя манты без мяса.

Балгарыя: Чорба са шпінату з рысам (Спаначена супа с ориз)

Папулярны лёгкі балгарскі суп, па-балгарску «Спаначена супа с ориз».
У базавым варыянце з гародніны тут, акрамя шпінату – толькі цыбуля і морква.
Але ў сваіх рэцэптах балгары часта дадаюць часнок, хвосцікавую салеру ці памідоры, ну ці ўсё адразу.

Арменія: Спас (Սպաս) — суп з мацуну і крупаў

Другая назва спасу – «танапур» (суп з тану).
Традыцыйна гатаваўся ў печцы-тандыры.

Абавязковыя кампаненты супу:

– мацун (дарэчы, у Грузіі яго называюць «мацоні»)
– крупы (звычайна дзавар)
– яйкі
– масла
– зеляніна кінзы

Венгрыя: Пёркёльт (Pörkölt) — гэта тое, што палова свету памылкова называе «гуляш»

Венгерскае слова «пёркёльт» паходзіць ад старажытнага слова «pergelt», якое перакладаецца як «смажанае» і ўяўляе з сябе абсмажанае і пратушанае з гароднінай мяса.

Гэта менавіта тая страва, якую ў большасці краін Цэнтральнай Еўропы няправільна называюць «гуляш», у той час як у Венгрыі гуляш – гэта суп.

Правільна абыходзяцца з класіфікацыяй толькі ў Чэхіі і ў Славакіі – там «гуляшовай палеўкай» называюць акурат суп, а тушанае мяса слушна абазначаюць як «пёркёльт».