Грузія: Чакапулі (ჩაქაფული) (бараніна, тушаная ў цыбулі з эстрагонам і кінзой)

Чакапулі (ჩაქაფული), ці, як часам сустракаецца, «чакафулі», у перакладзе азначае «мяса ў пене». Радзімай чакапулі лічыцца Кахеція.

Звычайна робяць вясной, калі шмат свежага эстрагону і іншай зеляніны.

Чакапулі часта гатуюць на Вялікдзень і Гіяргобу – дзень святого Георгія Пераможца, апекуна Грузіі.

Першапачаткова чакапулі гатавалі без віна і рэпкавай цыбулі, проста закладвалі ў рондаль слаямі мяса з зелянінай і зялёнай алычой і тушылі да гатовасці.

Але пазней заўважылі, што рэпкавая цыбуля ўзбагачае смак мяса, а віно робіць яго больш мяккім і духмяным.

Англія: Тушаныя бычыныя хвасты (Oxtail Stew)

Першапачаткова рагу з бычыных хвастоў было ежай брытанскага пралетарыяту. Бычыныя хвасты і лакальная гародніна каштавалі капейчыну, а гатаваць страву можна было ў любой печцы.

З цягам часу яна стала лічыцца гурманскай. Доўгае тушэнне робіць мяса сакавітым і далікатным, а соус – густым і духмяным.

Грузія: Зялёнае лобія з мясам (тушаная струковая фасоля з мясам)

Лобія (па-грузінску ლობიო) перакладаецца як «фасоля».
Так можа называцца любая страва, у базавы склад якой уваходзіць любая фасоля – і струковая, і ў зярнятах. Можа быць як з мясам, так і без.

Першапачаткова лобія, дарэчы, рабілі не з фасолі, а з пладоў даліхаса — гіяцынтавага боба. Фасолі тады ў Грузіі яшчэ не было, яна там з’явілася толькі ў канцы XVII стагоддзя.

У варыянце ніжэй – лобія з зялёнай струковай фасолі, альбо «мцванэ лобія» (მწვანე ლობიო), з мясам.

Мексіка: Бурыта (Burrito)

Бурыта – гэта тарцілья (аладка), часцей за ўсё пшанічная, у якую загорнута якая-небудзь начынка. «Бурыта» перакладаецца як «вослік».

У паездках на аслоў грузілі згорнутыя коўдры для начлегу – менавіта да іх і падобна бурыта, кажа адна з версій паходжання назвы.

Паводле іншай, як на восліка можна нагрувасціць розных клункаў, так і ў бурыта можна напхаць шмат рознай начынкі – адсюль і назва.

Ёсць яшчэ і трэцяя версія, у якой вулічны гандляр ежай прадаваў загорнутыя ў тарцільі мяса з гароднінай бедным дзецям у дзяржаўнай сярэдняй школе. Прадаваў нядорага, ласкава прыгаворваючы: «Трымай, бурыта!». А на слэнгу «бурыта» нібыта азначае не толькі «вослік», але і «гарэза».

Некаторыя мексіканскія кухары лічаць бурыта падвідам така і называюць яго «запячатаны така». З іншага боку, така можна назваць «адкрытым бурыта». Адным словам, ясна, што така і бурыта – блізкія сваякі.

Эстонія: Мульгікапсад (свініна, тушаная з капустай і пярлоўкай)

«Kapsad» – гэта капуста.
«Mulgikapsad» – капуста мульгаў.
Мульгі – жыхары Мульгімаа (Mulgimaa), рэгіёну на паўднёвым усходзе Эстоніі.

Must try! Упершыню прыгатаваўшы мульгікапсад, я закахаўся ў эстонскую кухню.