Мексіка: Кесадылья (Quesadilla) – аладка з сырам і дадаткамі

У першапачатковым варыянце кесадылья (quesadilla, ад іспанскага «queso» – «сыр») – гэта проста кукурузная тарцілья, складзеная напалам і начыненая сырам, а затым абсмажаная на патэльні.

Цяпер гэта – кулінарны канструктар. Ёсць безліч варыяцый і нюансаў, пра якія – у канцы, а пакуль робім для прыкладу базавую, а таксама з курыным фаршам і гароднінай.

  • тарцільі
  • курыны фарш – 300 г
  • перац салодкі – 1 шт.
  • зялёныя перцы падрон – 2 шт.
  • цыбуля рэпкавая – 1 вялікая
  • сыр – 500 г (можна любы, які добра плавіцца)
  • часнок 2-5 зубцоў (на смак)
  • соль, перац, спецыі (перац чылі, каляндра, арэгана, базілік, кмен, кардамон, чабор… і г. д.)

Найпростшы набор для базавай кесадыльі:

Акрамя базавай, зробім кесадылью з гароднінай і курыным фаршам.
Гародніна можа быць якая заўгодна – тут можна ўключаць фантазію.
Засяродзімся на перачным смаку: чырвонай папрыцы і падронах, маленькіх іспанскіх зялёных перчыках:

Цыбулю нарэзаць на пёры – так яе смак будзе ярчэйшы.
Рэшту гародніны дробна насекчы:

Курыны фарш абсмажыць да гатовасці, папярчыць і пасаліць, адкласці:

На той жа патэльні (на сценках заўсёды застаецца самы смак) абсмажыць цыбулю да лёгкай залацінкі:

Спалучыць фарш з абсмажанай цыбуляй:

Дадаць дробна нарэзаную папрыку:

Пасаліць, папярчыць, дадаць душаны часнок, засыпаць спецыі:

Пратушыць хвілін 5, каб смакі змяшаліся:

Робім базавую кесадылью.
Трэба браць патэльню, дыяметр якой больш за тарцілью.
Злёгку змазаць патэльню раслінным алеем (зусім крыху), пакласці тарцілью, і на адной з яе палавінак раскласці сыр:

Скласці тарцілью напалам уздоўж мяжы сыру:

Абсмажыць. Калі ніжняя частка зробіцца залацістай, перагарнуць кесадылью і абсмажваць да такога ж залацістага колеру.

Гэта быў базавы варынт. Адкладзем (потым з’ямо), але на гэтым не спынімся. Пачынаем рабіць кесадылью з курыным фаршам і гароднінай.

Дакладна гэтак жа змазаць патэльню раслінным алеем (зусім крыху), пакласці тарцілью і палову пасыпаць сырам:

Паверх сыру раскласці мясную начынку:

Потым яшчэ слой сыру:

Скласці тарцілью напалам уздоўж мяжы начынкі:

Абсмажыць. Калі ніжняя частка зробіцца залацістай, перагарнуць кесадылью і абсмажваць да такога ж залацістага колеру.

Падаваць, нарэзаўшы на сегменты:


Часам кесадыльі не абсмажваюць, а запякаюць у духоўцы.


Зусім адрозна ад усёй астатняй Мескікі да кесадыльі ставяцца ў яе стыліцы – Мехіка.
Нягледзячы на тое, што ва ўсёй краіне сыр – абавязковы кампанент, у сталіцы могуць абсалютна спакойна прыгатаваць кесадылью, напрыклад, з мазгамі і без сыру. І назваць яе «кесадылья з мазгамі» (quesadilla de sesos), хаця, па сутнасці, гэта проста тарцілья з мазгамі…
Сталічныя выкрутасы😏

Як вядома, сняданак без яечні – вартая жалю пародыя на яго.
Таму вынайшлі спецыяльныя кесадыльі для сняданку – з яйкам.
Ну і, натуральна, назвалі гэта «эгадыльяй» (eggadilla, альбо egg-a-dilla).

А існуюць нават дэсертныя кесадыльі – з карамеллю, шакаладам альбо садавінай.

Ну а ў Злучаных Штатах часам робяць кесадылью з ананасам, што забаўляе мексіканцаў, і яны жартам называюць яе «грынга».

У тых жа Штатах прыдумалі на тарцілью выкладваць начынку для піццы, і назвалі гэта (як вы думаеце?)… «Піццадылья»🙃

Зараз ва ўсім свеце кесадылья – гэта кулінарны канструктар, як мы ўжо згадвалі вышэй: можна сустрэць кесадыльі з дадаткамі мёду, інжыру, сыру з блакітнай цвіллю, і г. д, і да т. п.
Але сыр – гэта святое (не для Мехіка, канечне)…


☝️Не блытаць з «сінхранізадай» (sincronizada) – так званай сінхранізаванай кесадыльяй.
Для яе:

  1. на патэльню кладуць тарцілью (тут цалкам дапушчальна ўзяць пшанічную),
  2. раскладваюць сыр і начынку (звычайна з шынкай)
  3. робяць сінхранізацыю (адлюстраванне) – начынку і сыр
  4. зноў кладуць тарцілью

Абсмажваюць з двух бакоў.

І нічога не складваюць напалам. Для мексіканцаў – прынцыпова: гэта ўжо не кесадылья, а зусім іншая страва.

Пакінуць каментар