Венгрыя: Баграч гуяш (Bogrács Gulyásleves) – суп-гуляш

«Гуяш» перакладаецца як «пастух» (паходзіць ад слова «gulya» – статак), ну а «баграч» (bogrács) азначае «кацёл». Класічная мадзярская страва пастухоў, вядомая з IX стагоддзя.

Першапачаткова гатавалася як как густое мясное рагу – «Gulyás hus», але пазней трансфармавалася ў сёрбава – «Gulyásleves», якое варылі на адкрытым агні, у кацялку, з мяса і мясцовай гародніны.
Ну а падобная да гуляша галоўная страва ў Венгрыі цяпер – гэта пёркёльт, «Pörkölt».
Дарэчы, папрыка з’явілася ў рэцэпце гуляша толькі ў XVI, а бульба і памідоры – у XVII стагоддзі.

Стравы, падобныя да венгерскага пёркёльту, але называныя «гуляшом», існуюць амаль ва ўсіх краінах Еўропы і нават у Эфіёпіі, дзе гатуюць рыбны гуляш (asa gulaš).

👆Цікавы факт: адзін з кулінарных сімвалаў Венгрыі – папрыка – набыла папулярнасць у краіне толькі пасля харчовага эмбарга на чорны перац у часе Напалеонаўскіх войн.

Азербайджан: Сырдак з баклажанамі (баклажаны з часнаком у таматавым соўсе)

«Сырдак» («сір» і «даг») перакладаецца з талышскай мовы як «часнок» і «абсмажваць».
Ну а талышы – адна з народнасцяў, што жывуць на тэрыторыі Азербайджана.

Найбольш папулярны сырдак – з баклажанамі, але бывае яшчэ і сырдак з рыбай.

Аўстрыя: Тырольскі гростль (Tiroler Gröstl)

Яшчэ адзін рэцэпт у стылі «ўчора было свята» (калі, як заўсёды па святах, ежы прыгатавалі больш чым трэба).
Карацей, калі трэба выратаваць учорашнюю смажаніну з бульбай, на дапамогу спяшаецца… Тад-дам! Сустракайце! Тырольскі Гростль!

Але трэба аддаць яму належнае – прыгатаваны без нагоды, ён ані не горшы (а мо, і лепшы) за гростль з учорашніх прадуктаў.

Мексіка: Начас (Nachos)

Начас — гэта закуска мексіканскага паходжання, якая складаецца з абсмажаных кавалачкаў кукурузнай аладкі (тарцільі), пакрытай соўсам (найчасцей сырным) альбо іншым начыннем.

Паводле легенды, страву прыдумалі ў Мексіцы, у гарадку П’едрас-Неграс, штат Каўіла. Месца дзеі — невялікі рэстаран пад назвай «El Moderno», якім кіраваў кухмістр Ігнасіа «Нача» Аная («Нача» — скарочаная форма імя «Ігнасіа»). Неяк увечары ва ўстанову завіталі сталыя кліенткі — жонкі амерыканскіх вайскоўцаў — і папрасілі што-небудзь перакусіць, хаця кухня была ўжо зачынена. Знаходлівы Игнасіа змяшаў сыр з кавалачкамі тарцільі, дадаў туды халапенья, разагрэў і падаў на стол. «Як гэта называецца?», — спыталі дамы, маючы на ўвазе страву. «Нача», — адказаў кухмістр, маючы на ўвазе сябе.

Нягледзячы на прастату ў прыгатаванні (а можа, і дзякуючы ёй), закуска імкліва набыла папулярнасць. Калі людзі жадалі замовіць яе, яны проста казалі: «Начас, калі ласка».

Сёння на радзіме начас, у П’едрас-Неграс, штогод праходзіць міжнародны фестываль начас – тры дні ў сярэдзіне кастрычніка, з канцэртамі і іншымі культурнымі мерапрыемствамі. Ну і, безумоўна, з конкурсам на самы вялікі начас.

Дарэчы, найвялікшую порцыю начас прыгатавалі ў 2012 годзе ў кампаніі Centerplate у Канзаскім універсітэце ў Лоўрэнсе, штат Канзас. Яна важыла 2127 кг і складалася з 347 кг чыпсаў нача, 184 кг сальсы, 147 кг памідораў, 416 кг мяса і бабоў і больш як 1000 кг сыра.

Ну а ў ЗША Нацыянальны дзень начас адзначаюць 6 лістапада.

Мексіка + США, Тэхас: Чылі Кон Карнэ (Chili Con Carne)

З іспанскага перакладаецца як «перац чылі з мясам».

Упершыню падобную страву згадалі ў 1529 годзе. Манах-францішканец Бернардына дэ Саагун апісаў тушанае мяса з прыправамі з перцу чылі, якое гатавалі ў сталіцы ацтэкаў Тэначцітлане (цяпер на яе месцы знаходзіцца сталіца Мексікі Мехіка).

Рэцэпт чылі з мясам заўважылі ў 1850 годзе ў армейскім лагеры ў Мантэрэі, на тэрыторыі цяперашняга Нуэва-Леон у Мексіцы: вяленую ялавічыну, сала, сушаны перац чылі і соль пераціралі, фармавалі з гэтай масы невялікія кубікі і пакідалі сохнуць на сонцы. Потым іх можна было размочваць і тушыць у збанках.

Ну а канкрэтна назва «Чылі кон карнэ» ўпершыню згадваецца ў кнізе 1857 года пра мексікана-амерыканскую вайну.

Не магу не працытаваць урыўку з апавядання О. Генры «Чароўны пацалунак», дзе ўзносяць хвалу непаўторнаму смаку чылі кон карнэ. Галоўны герой, аптэчны клерк Сэмюэль Танзі, – вялікі аматар гэтай стравы:

“Танзі часта па начах прыходзіў да гэтых стоек, каб пакаштаваць цудоўнага «Chili-con-carne». Страва, вынайдзеная геніем мексіканцаў, яна складалася з кавалачкаў далікатнага мяса з духмянымі травамі, багата палітых вострым чырвоным соўсам «Chili». Яго асаблівы смак, вогненная пякота падабаліся паднябенню сапраўднага паўднёўца.”

Далей Танзі сустракае мексіканца Торэса, уладальніка стойкі па продажы чылі кон карнэ, які аказываецца ні больш ні менш – несмяротным. Торэс дзеліцца рэцэптам неўміручасці:

“— Ну і што гэта за такая здаровая ежа, пра якую вы гаварылі? — спытаў Танзі. — Паслухайце мяне, — адказаў Торэс, падсоўваючыся да яго ўсім целам, і ледзь не ўлёгшыся на стальніцу. — Ну, гэта таксама «Chili-con-carne», але толькі прыгатаванае не з мяса кураняці, а з цела сеньярыты, маладой і далікатнай. Вось з чаго складаецца сакрэт. Вы павінныя есці гэткае мяса кожны месяц, але рабіць гэта да поўні, і тады вам ніколі не будзе пагражаць смерць…”

…Далей – рэцэпт чылі кон карнэ са звачайнай ялавічыны😉.