Грузія: Гурулі, альбо птушка па-гурыйску (птушка, тушаная з цыбуляй і арэхамі)

«Гурулі» – гэта птушка, прыгатаваная ў гурыйскім стылі, прасцей кажучы – «птушка па-гурыйску».
Ну а гурыйцы – гэта жыхары Гурыйскага краю на захадзе Грузіі.
Героі шматлікіх анекдотаў, гурыйцы славяцца:

• дасціпнасцю,
• уменнем прыгожа выйсці з любой цяжкай сітуацыі
• талентам атрымаць на рынку найлепшыя зніжкі.

Злыя языкі, праўда, кажуць, што гурыйцы злёгку скупаватыя…
Tой, хто так гаворыць, няхай першы кіне ў мяне камень ))

ЗША-Польшча: Таматавы суп (Tomato soup)

Амерыканскі таматавы суп – галоўны герой цыклу работ Эндзі Уорхала «Бляшанкі з супам Кэмбэл». На 32 палотнах – выявы 32 розных відаў (заўважце, усе супы розныя) таматавага супу фірмы «Campbell».

У ЗША таматавы суп упершыню згадваецца ў 1857 годзе ў кнізе году Элізы Лэслі «Новая кулінарная кніга».

Ну а ў Польшчы таматавы суп вядомы таксама з 19 стагоддзя, прычым вельмі папулярны дагэтуль.

Дарэчы, яшчэ адзін дзіка папулярны польскі суп – расол (rosół) – уяўляе з сябе проста адвольны булён з засмажанай цыбуляй, морквай і салерай/пятрушкай. Дык вось, польскі таматавы суп робяць практычна на базе таго ж расолу, і гэта з’яўляецца падставай для жартаў (маўляў, сённяшні таматавы суп – гэта проста пазаўчорашні расол).
Для вегетарыянскай версіі таматавага супу трэба проста замяніць мясны булён на гароднінны.

Малдова: Салата па-сарокску — пячонка з радыскай

У гэтым выпадку «сарока» не мае ніякага дачынення да нашай улюбёнай, адважнай і цікаўнай птушкі, падобнай у палёце да шрубалёта ))

Проста салата паходзіць з Сарокі (Soroca) — вельмі сімпатычнага мястэчка з крэпасцю канца XV стагоддзя ў Рэспубліцы Малдова.

Шатландыя: Кок-а-лікі (Cock-A-Leekie) – курыны суп з цыбуляй-парэем

Уласна кажучы, назва супу цалкам адлюстроўвае яго сутнасць і перакладаецца як «певень і цыбуля-парэй».

Кок-а-лікі называюць нацыянальным супам Шатландыі. У гэтай краіне курыны суп з цыбуляй-парэем вядомы аж з XVI стагоддзя – першы такі рэцэпт датуецца яшчэ 1598 годам.
Назва ж кок-а-лікі (Cock-A-Leekie) замацавалася толькі ў XVIII стагоддзі – пад ёй суп і ўвайшоў у кулінарную кнігу Ізабэлы Бітан, вядомай англійскай журналісткі, пісьменніцы і аўтаркі адной з першых кулінарных кніг.

Ёсць версія, што курыны суп з цыбуляй з’явіўся ў Францыі, а да Шатландыі дабраўся ў XVI стагоддзі, дзе рэпкавую цыбулю проста замянілі на гастранамічны сімвал краіны – цыбулю-парэй. Мяркуючы па тэхналогіі прыгатавання, версія гэтая не надта заслугоўвае даверу. І яе НІ Ў ЯКІМ ВЫПАДКУ не варта абмяркоўваць з шатландцамі – гэта як сказаць беларусам, што дранікі прыдумалі ў Расіі.

Эстонія: Тухлінот (Tuhlinott) – вараная са свінінай і цыбуляй бульба

Тухлінот (Tuhlinott) — гэта лагічны працяг кілатухліда. Абедзьве назвы паходзяць ад выспавай назвы бульбы – «тухлід» (tuhlid). У кантынентальнай Эстоніі яе звычайна называюць «картул» (kartul).

Класіка старой эстонскай кухні – ніякага абсмажвання, усё менавіта варыцца.
Спецыі і зеляніна дакладна ўказаныя – толькі кроп і маяран, што дае вельмі збалансаваны смак.

Эстонія: Кілатухлід (Killatuhlid) – вараная са свінінай бульба

Кілатухлід (па-эстонску «Killatuhlid») – старажытная страва заходняй Эстоніі, выспаў Саарэмаа, Муху, Хіюмаа і г.д. Ёсць версія, што першапачаткова гэта быў суп, які пазней трансфармаваўся ў рагу з вялікай колькасцю падліўкі.

Вільям Пахлёбкін у рэцэпце кілатухліда адным з інгрэдыентаў назваў смятану. Але на розных кулінарных форумах жыхары эстонскіх выспаў кажуць, што ні пра якую смятану ў кілатухлідзе яны не ведаюць і ведаць не хочуць. Паверым менавіта ім.

Свініна, бульба, вада і соль. Бадай самы просты рэцэпт у свеце.

Турцыя: Суп «Эзагелін», альбо суп нявесты Эза (Ezogelin Çorbası). Суп з чырвонай сачавіцы

Эзагелін перакладаецца як «Эза-нявеста».

Паводле легенды, на пачатку ХХ ст. у Анатоліі, у вёсцы Дакуз’ёл недалёка ад Газіянтэпу, жыла дзяўчына Эза. Усе вандроўнікі, праязджаючы праз вёску, захапляліся яе прыгажосцю. Але сужэнскага шчасця знешнасць ёй не прынесла: першы муж Эза, якога яна вельмі кахала, абыходзіўся з ёй жорстка і аддаваў перавагу іншай кабеце. У выніку яны развяліся.

З другім мужам Эза паехала ў Сірыю, дзе жыла ў жабрацтве, са злоснай свякрухай, а потым наогул захварэла і памерла, бо грошай на лекараў не было.

Эза стала турэцкай легендай, а яе прыгажосць і каханне да мужа дагэтуль апяваюць і аплакваюць у народных песнях і папулярных фільмах.

Ну а рэальную Эза звалі Зёхрэ Бозгеік (Зёхрэ перакладаецца як Венера). Нарадзілася яна ў 1909 годзе, у 1936 пераехала ў Сірыю, нарадзіла дзевяць дзяцей і памерла ад сухотаў у 1950-х. Вядома таксама, што адна з дачок Эза, 71-гадовая Джэліле Бозгеік, вярнулася ў родны Газіаянтэп у 2013, ратуючыся ад грамадзянскай вайны.

Пры чым тут суп? Адны кажуць, што легендарная Эза варыла яго, каб залагодзіць свякроўку, іншыя – что проста грошай было мала, вось і гатавалі «сірочы супчык». Цяпер суп Эзагелін традыцыйна падаюць нявестам на вяселлі, а ў некаторых рэгіёнах яго мае зварыць сама нявеста – каб быць каханай і шчаслівай і не паўтарыць гісторыі Эза.