Іспанія: Гаспача (Gazpacho)

Страва з назвай «гаспача» вядомая яшчэ з часоў мусульманскай Іспаніі (Аль-Андалуса) і Рымскай імперыі, і першапачаткова гэта была проста сумесь раскрышанага хлеба, аліўкавага алею і воцату.

Ёсць дзве асноўныя версіі паходжання слова «гаспача»: першая – ад масарабскага «caspa», што азначала «крошкі, рэшткі» (той самы раскрышаны хлеб), і другая – ад яўрэйскага слова «gazaz», што азначала «разрэзаны на кавалачкі» ці «патоўчаны» (паводле спосабу прыгатавання).

Цяпер гаспача ўсе трактуюць як нацыянальны іспанскі суп, што не зусім правільна.
Самі іспанцы лічаць яго менавіта андалузскай стравай.

Па ўсёй Іспаніі прадаюць канцэнтрат для гаспача, колер якога можа вагацца ад светла-аранжавага до ярка-чырвонага – у залежнасці ад гатункаў і колькасці памідораў. Яны, дарэчы, з’явіліся ў рэцэпце толькі ў XIX стагоддзі. Хаця таматы ў Еўропу першымі завезлі менавіта іспанцы, прычым яшчэ ў XVII стагоддзі. А вось перац, завезены імі ж з Мексікі, прыжыўся ў гаспача адразу.

Пра больш старыя версіі (без памідораў, але з іншымі цікавымі дадаткамі) раскажу напрыканцы.

☝️Дарэчы. Ніколі ні на якой мове не вымаўляйце «гаспаЧЧа». Падвойнае «ч» як у напісанні, так і ў вымаўленні – няслушна. Гэта Іспанія, а не Італія.

Сярэдняя Азія + Мусульманскі Усход: Кавурма-шурпа (абсмажвальная шурпа)

Кавурма (куурма) перакладаецца як «смажаны», ну а шурпа (ад арабскага شوربة‎‎ — шорба) – як «суп». Такім чынам – абсмажвальны суп.

У класічным варыянце гатуецца на базе абсмажанага ў казане на курдзючным тлушчы мяса з цыбуляй.
Першапачаткова з гародніны клалі толькі цыбулю і моркву.
Пазней дадаліся бульба, памідоры, перац і ўсё астатняе.

Азербайджан: Балык-бозбаш (рыбный суп на пару)

Як сцвярджае Encyclopædia Iranica, базба́ш (у Арменіі – «բոզբաշ», у Азербайджане – «bozbaş») перакладаецца як «шэрая галава». Назва тлумачыцца выглядам варанага мяса.
Але гэты тып базбашу – асаблівы. Робіцца ён на базе рыбы і гатуецца не надта распаўсюджаным для супоў спосабам – у паравой лазні.
У выніку атрымліваем вельмі густы суп на веееельмі моцным булёне.