Халаднік родам з Іспанскай Андалусіі, але з арабскімі каранямі, быў вядомы яшчэ ў часы арабскага панавання на Іберыйскай паўвыспе.
Асабліва папулярны ў правінцыях Гранада і Малага.
Гэткі своеасаблівы протагаспача – прабацька папулярных ва ўсім свеце гаспача і сальмарэха.
Падобныя супы на базе хлеба і аліўкавага алею былі вядомыя яшчэ ў Старажытным Рыме.
У кулінарных кнігах, аўтарства якіх прыпісваюць Марку Габію Апіцыю, згадваўся ці то суп, ці то соус з перацёртага хлеба, часнаку, аліўкавага алею, воцату і вады – sala cattabia. Практычна ахабланка, толькі без міндалю.
Ну а ў Маўрытанскай Іспаніі да такога кшталту пахлёбкі іспанцы дадалі мяккі крэмавы міндальны прысмак – і вынайшлі цудоўны халаднік ахабланка.
Ну і цікавы факт: у 1968 годзе ў правінцыі Малага ў гарадку Альмачарэ прайшоў першы Малажскі гастрафэст «Fiesta del Ajoblanco», і прысвечаеы ён быў менавіта ахабланка, альбо, як яго называюць у Андалусіі, – беламу гаспача. З таго часу фестываль рэгулярна ладзяць у першую суботу верасня.
- пшанічны хлеб – 180 г
- сыры міндаль – 150 г
- часнок – 2 зубцы
- аліўкавы алей першага халоднага адціскання – 120 мл
- воцат вінны – 2-3 ст. л. (можна напалам з бальзамічным)
- халодная вада – 500 мл
- соль
- вінаград альбо дыня (па жаданні)

Воцат лепш за ўсё выкарыстоўваць белы вінны, можна напалам з бальзамічным.
Аліўкавы алей варта браць найлепшы з даступных – каб быў як найменш гаркавы:

Міндаль абавязкова павінен быць свежы. З абсмажанага міндалю ахабланка не атрымаецца.
Калі міндаль неачышчаны (як у нас), давядзецца яго ачысціць.
Ваду закіпяціць.
Заліць арэхі кіпенем і пакінуць хвіліны на дзве-тры.
Зліць ваду і прамыць халоднай вадой.
Цяпер міндаль вельмі лёгка ачысціць: дастаткова сціснуць арэх двума пальцамі — і ядро лёгка «выстрэльве» са скуркі:

У хлеба зрэзаць скарынкі і замачыць у халоднай вадзе хвілін на 20 – ён павінен добра набрыняць:

Пакласці замочаны хлеб у блендэр:

Дадаць міндаль:

Дадаць часнок:

Узбіваць да атрымання вельмі аднароднай крэмападобнай масы:

Пры ўключаным блендэры павольна, тонкім струменем, дадаваць аліўкавы алей.
Працягваць узбіваць, пакуль не атрымаецца ідэальная гладкая крэмападобная кансітэнцыя:
У Правінцыі Малага ахабланка традыцыйна падаюць з вінаградам альбо дыняй:


А вось у правінцыі Гранада ахабланка робяць больш вадкім і запіваюць ім смажаную бульбу, якую называюць «папа аса».
Ну а ў Альмерыі гатуюць больш густы ахабланка і ўжываюць яго як соус – ядуць, мачаючы ў яго хлеб.
Каб зрабіць ахабланка больш вадкім, трэба проста ўзяць больш вады і менш хлеба. А каб больш густым – наадварот.
У цяжкія пасляваенныя гады, калі міндалю не хапала, ахабланка рабіць не перасталі, а замянілі міндаль на муку з сушаных бобоў.
☝️Не блытаць з эстрэмадурскім ахабланка (ajoblanco extremeño) — гэта роднасны, але моцна адрозны халаднік, у якім не выкарыстоўваюцць міндалю. У яго дадаюць агуркі і памідоры, а загушчаюць яечным жаўтком.