Швецыя: Запечаная бульба хасельбак (Hasselbackspotatis)

У сваёй ідэі хасельбак (hasselbackspotatis) – гэта запечаная бульба, надрэзаная прыкладна на дзве траціны сваёй глыбіні на тонкія, веерападобныя лустачкі.

Паводле асноўнай версіі, бульбу хасельбак прыдумалі ў 1953 годзе ў Стакгольмскай рэстарацыі пад назвай «Хасельбакен» («Hasselbacken», альбо «арэхавы схіл»). Вось што напісана на афіцыйным сайце гэтай установы:

  • У перыяд з 1940-х па 1960-я гады ў Hasselbacken знаходзілася кулінарная школа, дзе былі створаныя сусветна вядомыя бульбяныя дзелькі Hasselbacken — фірмовая страва, якую вы заўсёды можаце замовіць у нас і якая з’яўляецца сімвалам адданасці рэстарана традыцыям і інавацыям.


Хасельбак прыдумаў, як сцвярджаюць кампетэнтныя крыніцы, Лейф Элісан з Вермланда, кухар-стажор гэтай рэстарацыі. Паводле чутак, у 1955 годзе лаўры аўтара прысабечыў дырэктар стакгольмскай кулінарнай школы, і імя Лейфа Элісана на сайце рэстарацыі нават і няма.

Аднак ёсць пара нестыковачак…

Напрыклад, у «Кулінарнай кнізе часопіса Ідун» («Iduns kokbok») Элізабет Эстман, апублікаванай у 1911 годзе, ёсць рэцэпт запечанай бульбы, якая «наразаецца на лустачкі таўшчынёй 1/2 см, якія складваюцца разам так, каб бульба трымала форму».

Падобны рэцэпт запечанай бульбы быў таксама знойдзены ў «Кулінарнай кнізе прынцэсы» (Prinsessornas kokbok) Джэні Акерстром 1929 года.

А ў 1934 годзе «Сённяшнія навіны» («Dagens Nyheter», найбуйнейшая ранішняя газета Швецыі) апублікавала рэцэпт «цэлай ачышчанай і надрэзанай, пасыпанай сырам, засмажанай у духоўцы бульбы».

Карацей, не ведаю, хто там у Швецыі гэта прыдумаў, але прыдумаў на пяць з плюсам.

Пакінуць каментар