Усходнеславянская кухня: Бацвінка

Бацвінка – шырока распаўсюджаны на ўсходневлавянскай тэрыторыі халаднік з рэзкім вастраватым смакам на базе хлебнага квасу і маладога бураку. Звычайна падаюць яго з добрай рыбай і ракамі.

Назва паходзіць ад праславянскага слова «bъtъva»: гучыць як «батва» і азначае «сцябліна», альбо «галінка». Ад яго і з’явіліся беларускае «бацвінне», польскае «boćwina», рускае «ботва», сербскае «блітва», славенскае «blitva» і украінскае «ботвина».

Росквіт папулярнасці бацвінкі прыпаў на XIX стагоддзе – асабліва ў Расіі, дзе вадаёмы кішэлі ў тыя часы адборнай рыбай. Бацвінка згадвалася ў кнігах Льва Талстога, Івана Тургенева, Івана Ганчарова, Дзмітрыя Маміна-Сібірака, Мікалая Салтыкова-Шчадрына, Уладзіміра Гіляроўскага і многіх іншых. А цяпер руская вікіпедыя на гэты конт кажа наступнае:

«…У XIX стагоддзі вытанчаная бацвінка была яркай перлінай рускай кухні, яе называлі каралевай рускіх халодных супоў… у 2000-я гады бацвінку ўжо ўнеслі ў слоўнік забытых і складаных словаў рускай мовы…»

Нягледзячы на тое, што бацвінку ў Расіі ўжо амаль нідзе не гатуюць, яна даволі распаўсюджаная на тэрыторыі Беларусі і Украіны. А ў Польшчы яна набірае ўсё большую папулярнасць у сувязі з захапленнем ЗЛЖ: вясной прылаўкі харчовых крамаў проста заваленыя маладымі буракамі з бацвіннем, а ў інтэрнэце ўсё больш і больш рэцэптаў «botwinki».

Так што не будзем адставаць ад палякаў – даеш карысную бацвінку ў кожную беларускую сям’ю!

Пакінуць каментар