Мідыі ў кулінарыі вельмі распаўсюджаныя на паўночным узбярэжжы Еўропы, ад Брэста да самай Гаагі (дзе, уласна, і размяшчаюцца найбуйнейшыя фермы па вырошчванні мідый).
Мідыі ў віне надзвычай папулярныя ў Францыі, а мідыі ў віне з бульбай фры (moules-frites ці moules et frites па-французску, mosselen-friet па-галандску) лічацца нацыянальнай стравай Бельгіі.
Паводле адной з легенд, мідыі, першапачаткова вельмі недарагія, распаўсюдзіліся ў якасці ежы ў Бельгіі пасля эпідэміі хатняй птушкі. Перад гэтым менавіта птушка была асноўнай стравай бельгійцаў.
Вось вам яскравы прыклад любові да мідый у французска-бельгійскім рэгіёне. На штогадовым кірмашы ў французскім Лілі (які, дарэчы, ладзяць аж з 1127 года кожную нядзелю верасня) на пачатку ХХ стагоддзя мясцовыя рэстараны прыдумалі конкурс на з’яданне найбольшай колькасці мідый. Спаборніцтвы, дарэчы, ладзяцца дагэтуль. Ракавінкі з’едзеных мідый традыцыйна высыпаюць проста перад рэстаранам. Выглядае неверагодна.
Ну а найбольш папулярны рэцэпт мідый у Бельгіі і Францыі – мідыі марыніера (Moules marinière).
Нягледзячы на званне нацыянальнай стравы, мідыі з бульбай фры займаюць у Бельгіі ўсё ж другое па папулярнасці месца. Сакавіты стэйк з ялавічыны вырваўся наперад.