Арменія-Азербайджан: Базбаш (суп з бараніны з нутам і бульбай)

Базба́ш (у Арменіі – «բոզբաշ», у Азербайджане – «bozbaş») перакладаецца як «шэрая галава» – па выглядзе варанага мяса, як сцвярджае Encyclopædia Iranica.
Дарэчы, паводле гэтай жа энцыклапедыі, базбаш – вытворны суп ад іранскай стравы абгустэ-себзі. Хаця спосабы прыгатавання зусім розныя: абгустэ-себзі – практычна суп-пюрэ.

Заправачны суп на базе бараніны. У ім абавязкова выкарыстоўваюць нут, цыбулю і каштаны, якія абсалютна афіцыйна можна замяняць на бульбу.

У кожным рэгіёне – свой варыянт базбашу.
Пра разыходжанні – напрыканцы рэцэпта.

У Арменіі гэты суп называецца проста «базбаш», і ў яго шмат рэгіянальных відаў, плюс сезонныя – летні і зімовы.
У чым розніца – таксама раскажу напрыканцы рэцэпта.

Ну а ў Азербайджане гэты суп называюць «парча-базбаш».
Ёсць яшчэ базбаш з фрыкадэлькамі – кюфта-базбаш – і з рыбай – балык-базбаш, але гэта ўжо зусім іншыя супы па абсалютна іншых рэцэптах.

ЗША-Польшча: Таматавы суп (Tomato soup)

Амерыканскі таматавы суп – галоўны герой цыклу работ Эндзі Уорхала «Бляшанкі з супам Кэмбэл». На 32 палотнах – выявы 32 розных відаў (заўважце, усе супы розныя) таматавага супу фірмы «Campbell».

У ЗША таматавы суп упершыню згадваецца ў 1857 годзе ў кнізе году Элізы Лэслі «Новая кулінарная кніга».

Ну а ў Польшчы таматавы суп вядомы таксама з 19 стагоддзя, прычым вельмі папулярны дагэтуль.

Дарэчы, яшчэ адзін дзіка папулярны польскі суп – расол (rosół) – уяўляе з сябе проста адвольны булён з засмажанай цыбуляй, морквай і салерай/пятрушкай. Дык вось, польскі таматавы суп робяць практычна на базе таго ж расолу, і гэта з’яўляецца падставай для жартаў (маўляў, сённяшні таматавы суп – гэта проста пазаўчорашні расол).
Для вегетарыянскай версіі таматавага супу трэба проста замяніць мясны булён на гароднінны.

Шатландыя: Кок-а-лікі (Cock-A-Leekie) – курыны суп з цыбуляй-парэем

Уласна кажучы, назва супу цалкам адлюстроўвае яго сутнасць і перакладаецца як «певень і цыбуля-парэй».

Кок-а-лікі называюць нацыянальным супам Шатландыі. У гэтай краіне курыны суп з цыбуляй-парэем вядомы аж з XVI стагоддзя – першы такі рэцэпт датуецца яшчэ 1598 годам.
Назва ж кок-а-лікі (Cock-A-Leekie) замацавалася толькі ў XVIII стагоддзі – пад ёй суп і ўвайшоў у кулінарную кнігу Ізабэлы Бітан, вядомай англійскай журналісткі, пісьменніцы і аўтаркі адной з першых кулінарных кніг.

Ёсць версія, што курыны суп з цыбуляй з’явіўся ў Францыі, а да Шатландыі дабраўся ў XVI стагоддзі, дзе рэпкавую цыбулю проста замянілі на гастранамічны сімвал краіны – цыбулю-парэй. Мяркуючы па тэхналогіі прыгатавання, версія гэтая не надта заслугоўвае даверу. І яе НІ Ў ЯКІМ ВЫПАДКУ не варта абмяркоўваць з шатландцамі – гэта як сказаць беларусам, што дранікі прыдумалі ў Расіі.

Эстонія: Кілатухлід (Killatuhlid) – вараная са свінінай бульба

Кілатухлід (па-эстонску «Killatuhlid») – старажытная страва заходняй Эстоніі, выспаў Саарэмаа, Муху, Хіюмаа і г.д. Ёсць версія, што першапачаткова гэта быў суп, які пазней трансфармаваўся ў рагу з вялікай колькасцю падліўкі.

Вільям Пахлёбкін у рэцэпце кілатухліда адным з інгрэдыентаў назваў смятану. Але на розных кулінарных форумах жыхары эстонскіх выспаў кажуць, што ні пра якую смятану ў кілатухлідзе яны не ведаюць і ведаць не хочуць. Паверым менавіта ім.

Свініна, бульба, вада і соль. Бадай самы просты рэцэпт у свеце.

Турцыя: Суп «Эзагелін», альбо суп нявесты Эза (Ezogelin Çorbası). Суп з чырвонай сачавіцы

Эзагелін перакладаецца як «Эза-нявеста».

Паводле легенды, на пачатку ХХ ст. у Анатоліі, у вёсцы Дакуз’ёл недалёка ад Газіянтэпу, жыла дзяўчына Эза. Усе вандроўнікі, праязджаючы праз вёску, захапляліся яе прыгажосцю. Але сужэнскага шчасця знешнасць ёй не прынесла: першы муж Эза, якога яна вельмі кахала, абыходзіўся з ёй жорстка і аддаваў перавагу іншай кабеце. У выніку яны развяліся.

З другім мужам Эза паехала ў Сірыю, дзе жыла ў жабрацтве, са злоснай свякрухай, а потым наогул захварэла і памерла, бо грошай на лекараў не было.

Эза стала турэцкай легендай, а яе прыгажосць і каханне да мужа дагэтуль апяваюць і аплакваюць у народных песнях і папулярных фільмах.

Ну а рэальную Эза звалі Зёхрэ Бозгеік (Зёхрэ перакладаецца як Венера). Нарадзілася яна ў 1909 годзе, у 1936 пераехала ў Сірыю, нарадзіла дзевяць дзяцей і памерла ад сухотаў у 1950-х. Вядома таксама, што адна з дачок Эза, 71-гадовая Джэліле Бозгеік, вярнулася ў родны Газіаянтэп у 2013, ратуючыся ад грамадзянскай вайны.

Пры чым тут суп? Адны кажуць, што легендарная Эза варыла яго, каб залагодзіць свякроўку, іншыя – что проста грошай было мала, вось і гатавалі «сірочы супчык». Цяпер суп Эзагелін традыцыйна падаюць нявестам на вяселлі, а ў некаторых рэгіёнах яго мае зварыць сама нявеста – каб быць каханай і шчаслівай і не паўтарыць гісторыі Эза.

Узбекістан: Мастава, альбо вадкі плоў (Суюк Ош)

Мастава (мастоба, мастаба) – абсмажвальны суп, які часам называюць «суюк ош» («вадкі плоў»).  Адразу ясна, да чаго імкнемся ))

Галоўнае адрозненне ад кавурмы-шурпы – рыс, бо ў шурпе яго быць не можа. Плюс дробная нарэзка кампанентаў, неўласцівая ўзбекскім супам.

Ну і, безумоўна, гатаваць ўсё гэтае хараство трэба ў казане. У адсутнасць казана зробім у воку (wok). Калі будзе дом у сабарбіі і казан – будзе нагода паўтарыць.