Папулярны лёгкі балгарскі суп, па-балгарску «Спаначена супа с ориз».
У базавым варыянце з гародніны тут, акрамя шпінату – толькі цыбуля і морква.
Але ў сваіх рэцэптах балгары часта дадаюць часнок, хвосцікавую салеру ці памідоры, ну ці ўсё адразу.
Тэг: первые блюда
Арменія: Спас (Սպաս) — суп з мацуну і крупаў
Другая назва спасу – «танапур» (суп з тану).
Традыцыйна гатаваўся ў печцы-тандыры.
Абавязковыя кампаненты супу:
– мацун (дарэчы, у Грузіі яго называюць «мацоні»)
– крупы (звычайна дзавар)
– яйкі
– масла
– зеляніна кінзы
Чэхія: Кулайда (Kulajda) – бульбяны суп з грыбамі
Суп родам з Паўднёвай Багеміі.
Гісторыкі лічаць, што найбольш верагоднае паходжанне назвы – ад дзеяслова «zakudlit» ці «zakulat» (загусціць, патаўсціць).
Але існуе і іншая версія яе ўзнікнення – паводле імя паўднёвачэшскай кухаркі нямецкага паходжання Адэлайды Кухавай, якое па-нямецку вымаўляецца як «Kuh Adelajde».
Якая з версій больш слушная, чэхі пакуль не вызначыліся.
У Маравіі гэты суп называюць «кудлаўкай», а ў паўднёвачэшскім раёне Пісека – «кулімайда».
Тым не менш, Інстытут чэшскай мовы бескампрамісна зацвердзіў для гэтага супу назву «кулайда». Давядзецца пакорліва пагадзіцца…
Нягледзячы на тое, што сёння асноўнымі кампанентамі лічацца бульба і грыбы, у самых старых знойдзеных рэцэптах гэтага супу грыбоў наогул не было. Але з грыбамі рэальна атрымліваецца смачней.
Нарвегія: Нарвежскі рыбны суп (Norsk fiskesuppe)
Як і абяцаў, працягваем пра малочныя супы з рыбай.
Norsk fiskesuppe першапачаткова быў простым традыцыйным супам на базе найбольш распаўсюджаных у Скандынавіі лакальных прадуктаў: булёну з рыбных костак, тлустага малака і сметанковага масла, плюс рыба. Звычайна гэта была траска, якая ў Скандынавіі лічылася самай таннай і даступнай.
Пазней у суп сталі закладваць гародніну, каб злёгку разбавіць яркі рыбны смак. А яшчэ пазней пачалі дадаваць морапрадукты (мідыі ці крэветкі) і больш дарагія гатункі рыбы (напрыклад, фарэль ці сёмгу).
Далей – сучасны варыянт: са свежай гароднінай, траской, сёмгай і мідыямі, бланшаванымі ў белым віне. Белае вінаграднае віно ў Нарвегіі заўсёды было прывазное, а таму нятаннае.
Фінляндыя: Калакейта/Лахікейта (суп малочны з рыбый)
«Kalakeitto» перакладаецца проста як «рыбны суп», ну а «Lohikeitto» – «суп з ласося».
Kalakeitto – суп на кожны дзень, Lohikeitto – гэта ўжо з нейкай нагоды. Ну накшталт сёння дранікі, заўтра дранікі, а вось у нядзелю – бабка са шкваркамі.
У традыцыйным варыянце ў складзе толькі вада, рыба, бульба і загушчанае мукой малако з маслам. Пазней сталі пасыпаць кропам і запраўляць цыбуляй і салерай.
Але самы галоўны фокус – калі ў Калакейта замяніць малако на вяршкі, а траску на ласося, то атрымаецца… святочны суп Лахікейта!
Арменія: Чулумбур апур (Рысавы суп з цыбуляй)
Адзін з найпапулярнейшых традыцыйных лёгкіх летніх армянскіх супоў.
Слова «апур» перакладаецца як «суп».
А вось паходжанне слова «чулумбур» – гэта загадка… Разгадку до-о-оўга шукаў – так і не знайшоў..
Раскрыйце сакрэт, плз, калі хто ў курсе.
Азербайджан: Кюфта-базбаш (Küftə bozbaş) – нутавы суп з фрыкадэлькамі з бараніны
Суп «кюфта-базбаш» (Küftə bozbaş) прыйшоў з цюркскай кухні, якая магутна паўплывала на кухні гэтага рэгіёну – азербайджанскую, татарскую, узбекскую, казахскую, туркменскую, мангольскую і г. д. Усё гэта тэрыторыі, якія належалі цюркскім народам альбо межавалі з месцамі іх пасялення. Амаль ва ўсіх гэтых краінах ёсць розныя варыяцыі базбашоў ці вельмі падобныя супы з іншымі назвамі.
Але менавіта ў Азербайджане кюфта-базбаш лічыцца не проста супам, а традыцыйнай нацыянальнай стравай.
Назва «кюфта», хутчэй за ўсё, паходзіць ад персідскага слова «koftan» – разбіваць, здрабняць. Ну а «bozbaş» перакладаецца як «шэрая галава» – цюркі лічаць, што менавіта да шэрай галавы падобны кавалак варанага мяса.
У цэлым, пры гэткім раскладзе «фрыкадэлька» і «шэрая галава» – наогул браты-блізняты )).