Арменія: Схторац бадражан (баклажаны з часнаком)

Страва стала папулярнай шмат у чым дзякуючы савецкім кнігам пра кухню народаў СССР.

«Схторац» (սխտոր) перакладаецца як «часнок», ну а «бадражан» (բադրիջան) – як «баклажан». Але па-армянску «баклажан» – гэта яшчэ і «смбук» (սմբուկ).
Вось і думай, як правільна…

  • баклажаны – 1 вялікі
  • часнок – 9-10 зубцоў
  • корань салеры – памерам з пушку запалак
  • корань пятрушкі – з пушку запалак
  • памідоры – 3 невялікіх
  • вада, булён ці белае віно – 50-100 мл
  • зеляніна – кінза і пятрушка – па невялікім пучку, плюс пажадана крыху свежага эстрагону і базіліку
  • алей раслінны
  • перац, соль, спецыі: каляндра, папрыка, чабер (☝️гэта не чабор!), размарын. Калі няма свежых базіліку і эстрагону (гл. вышэй), то ўзяць іх у выглядзе сухіх запраў.

Памідоры аблупіць бязлітасна.
Салеру і корань пятрушкі нарэзаць дробна саломкай – яны павінны добра пратушыцца. Можна проста нацерці на буйной тарцы.
Зеляніну насекчы (не надта дробна). Часнок нарэзаць, таксама не задробна. Калі яркі часночны прысмак не падабаецца, тады тонкімі пласцінкамі:

У баклажанаў адрэзаць пладаножкі.

💡Часам баклажаны аблупляюць (скурка даволі цвёрдая), але тады яны хутчэй губляюць форму. Адным словам, без скуркі баклажаны больш далікатныя, але развальваюцца. Тут як каму падабаецца.

Далей – 2 варыянты: зрабіць «кішэню» альбо разрэзаць уздоўж напалам. Асаблівай розніцы ў смаку не будзе. Напалам – прасцей.

Лыжкай з вострымі краямі выскрабсці сярэдзіну. Сценкі не павінны застацца зусім тонкімі, інакш гатовая страва будзе развальвацца. Сярэдзіну здрабніць блендэрам:

💡Старыя (ці сумнеўнага паходжання) баклажаны варта замачыць хвілін на 15 у падсоленай вадзе – для пазбаўлення верагоднай горычы.

Раздробненую сярэдзіну баклажанаў спалучыць з часнаком, коранем салеры і пятрушкі:

Абсмажыць у раслінным алеі да мяккасці кораня салеры і пятрушкі:

Дадаць 1/3 насечанай зеляніны, соль, перац, спецыі, і яшчэ крыху абсмажыць:

Падрыхтаваныя баклажаны нафаршыраваць атрыманай масай:

Пакласці фаршыраваныя баклажаны ў форму, адкрытым бокам дагары (альбо надрэзаным, калі робіце варыянт з кішэняй).

Раскласці зверху разрэзаныя напалам памідоры. Ну ці проста напхаць аблупленыя і нарэзаныя колцамі таматы ў кішэню баклажана:

Пасыпаць паловай зеляніны, што засталася:

Памідоры зверху пасаліць, паперчыць, дадаць зусім крыху (гародніна пусціць сок) вады, булёну ці белага віна.
Закрыць накрыўкай і прыпусціць на слабым агні цягам 20-25 хвілін:

☝️Не ператушваць, інакш баклажаны згубяць форму.
Пры падачы паліць сокам, што з’явіўся ў працэсе прыпускання, і пасыпаць рэшткамі зеляніны:


Можна падаваць як у гарачым, так і ў халодным выглядзе.

Пакінуць каментар