Блізкі Усход (левантыйская кухня): Хумус

Хумус (па-арабску حُمُّص, на іўрыце חומוס) – традыцыйная закуска левантыйскай кухні, якая ўключае ў сябе кухні Ярданіі, Лівана, Ізраіля, Ірака, Палестыны, Сірыі і паўднёвай Турцыі.

Слова «хумус» паходзіць ад арабскага «حُمُّص»‎, на лацініцы «hummus», што і азначае «нут». Ну а паста тахіні (тахіна ці тхіна ў розных мовах) – гэта другі асноўны складнік хумусу, таму поўная яго назва на арабскай «Хумус бі тахіні».

Самую першую згадку рэцэпта хумусу знайшлі ў Каірскіх кулінарных кнігах трынаццатага стагоддзя...

  • нут 1 шклянка 
  • тахіні 1/3 шклянкі 
  • цытрынавы сок 1/4 шклянкі (рэгулюецца паводле жадання)
  • часнок – 3-4 зубчыкі (таксама колькасць па жаданні)
  • аліўкавы алей – 3-5 сталовых лыжак 
  • соль, перац, спецыі (іх спіс ніжэй)

Нут пакінуць на ноч у халоднай вадзе:

Зварыць да мяккасці без солі (соль не дае бабовым разварыцца).
Напрыканцы пасаліць і паварыць яшчэ крыху.
Адвар пераліць у якую-небудзь пасудзіну і пакінуць ён спатрэбіцца для давядзення хумусу да патрэбнай кансістэнцыі.

💡Калі патрэбен аднародны, як смятана, узорны прадукт, варта ачысціць вараны нут ад шалупіння, злёгку пераціраючы яго паміж далоняў. Але можна і не ачышчаць, і тады хумус проста выйдзе больш грубы.

Я заўсёды выкарыстоўваю гатовую пасту тахіні (яна злева на фота ніжэй). Але калі пад рукой будзе толькі кунжут, пасту можна прыгатаваць і самому, перацершы абсмажаны ачышчаны кунжут з дадаткам кунжутнага/аліўкавага алею. Цяпер усе інгрэдыенты ў зборы:

Тахіні і нут здрабніць (у ступцы ці блендэрам як заўгодна), разводзячы адварам (ці вадой, калі бракуе адвару) да пажаданай кансістэнцыі:

Соль, перац, часнок і цытрынавы сок дадаваць паступова, пры гэтым перамешваць і пастаянна каштаваць:

Базавы хумус гатовы.
Падаваць, спырснуўшы аліўкавым алеем:

Ядуць хумус як закуску (чэрпаюць лавашом) альбо як дадатак да фалафелю, курыцы, рыбы, баклажанаў і г.д.


Гэта базавы рэцэпт. А ёсць маса розных рэгіянальных і аўтарскіх варыянтаў.
Вось магчымыя дадаткі да хумусу:

  • смажаная цыбуля 
  • смажаныя/вяленыя памідоры 
  • салодкі перац 
  • агуркі 
  • марынаваныя агуркі
  • кедравыя арэшкі 
  • смажаныя грыбы  
  • анчоўсы/рыба 
  • каперсы 
  • арэхі 
  • яйкі 
  • аліўкі 
  • пюрэ з гарбуза 
  • сыр фета, 
  • какао 
  • шпінат 
  • кінза 

І класічныя спецыі (ў парадку іх «класічнасці») :

  • зіра/кумін 
  • кардамон 
  • аніс 
  • сумах 
  • фенхель 
  • каляндра  
  • папрыка салодкая/вострая 

Можна дадаваць :

  • пятрушка 
  • кмен 
  • мята 

💡Спецыі тыпу зіры ці фенхеля варта папярэдне раздрабніць у ступцы.

Некалькі прыкладаў:

Хумус з вяленымі памідорамі і сушанай цыбуляй:

Вяленыя памідоры дробна нарэзаць:

Дадаць у хумус, змяшаць са спецыямі і сушанай цыбуляй:

Хумус з салодкім перцам:

Салодкі перац дробна нарэзаць:

Дадаць у хумус, змяшаць са спецыямі:

Ну і так далей да бясконцасці…😉

One thought on “Блізкі Усход (левантыйская кухня): Хумус

  1. вот прямо сейчас дома хумус. с вялеными помидорами. взгрустнулось чего-то.

    Like

Пакінуць каментар