Далёка не ўсе ведаюць, што ў знакамітага ўкраінскага баршчу ёсць вегетарыянская версія – рыбны боршч.
Каб смак у рыбнага баршчу атрымаўся яркі і насычаны, пажадана выкарыстоўваць скумбрыю. Якая, дарэчы, раней лавілася ў Чорным моры ў прамысловых маштабах, а ў 70-х гадах мінулага стагоддзя ўзяла і кудысьці знікла.
Але, калі не падабаецца своеасаблівы яркі смак скумбрыі, яе можна замяніць на якую-небудзь іншую рыбу.
- скумбрыя – 2 сярэдніх (альбо іншая рыба ў такім жа аб’ёме)
- буракі – 1-2 вялікіх
- бульба – 3-4 сярэдніх
- морква – 2 сярэдніх
- цыбуля рэпкавая – 2 сярэдніх
- корань пятрушкі/салеры – палова ад колькасці морквы
- тамат-паста – 1 ст. л.
- цукар – 1 ч. л.
- воцат ці цытрынавы сок – 1-2 ст. л.
- раслінны алей
- часнок – 4-6 зубцоў
- мука – 1 ст. л.
- зеляніна (кроп, пятрушка)
- соль, перац, спецыі (лаўровы ліст, англійскі перац, чорны перац, ядловец, кмен, чабор, каляндра, папрыка, сушаны кроп, сушаная салера)
Рыбу добра прамыць:

Адрэзаць галовы, аддзяліць мяса ад костак:

Засмажыць да гатовасці:

Рыбіны галовы таксама ачысціць, выдаліць жабры і ўсё лішняе, зноў добра прамыць.
Зварыць булён з рыбіных галоваў, хвастоў і костак з дадаткам цыбулі, перцу і лаўровага ліста. Можна таксама пакласці сцябліны кропу:

Булён працадзіць.
Буракі нацерці на буйной тарцы, спырснуць воцатам ці цытрынавым сокам, каб не згубілі колеру, і злёгку абсмажыць.
Уліць крыху булёну альбо вады і тушыць да гатовасці:

Цыбулю дробна парэзаць, корань пятрушкі/салеры – саломкай альбо нацерці на буйной тарцы:

Бульбу парэзаць на буйныя кубікі, моркву – на дробныя:

Абсмажыць цыбулю з пятрушкай/салерай да залацістага колеру:

Дадаць моркву і абсмажваць усю масу амаль да гатовасці морквы:

Усыпаць муку і абсмажваць яшчэ хвіліну.
Пакласці сталовую лыжку таматавай пасты і чайную лыжку цукру, абсмажваць яшчэ пару хвілін, затым дадаць булён і крыху пратушыць:

У гатовы рыбны булён дадаць бульбу і варыць амаль да гатовасці.
Тым часам нарэзаць смажаную рыбу на кавалкі патрэбнага памеру:

За 5 хвілін да фіналу (бульба ўжо гатовая) пакласці ў булён тушаныя буракі, абсмажаную гародніну і нарэзанае філе рыбы.
Дадаць раздушаны часнок, соль і спецыі.
Давесці да кіпення, выключыць і даць настаяцца на цёплай пліце хвілін 20.
Зняць пробу і падкарэктаваць цукар, соль, спецыі, воцат. Даць яшчэ крыху настаяцца.
Падаваць са смятанай і насечанай зелянінай:


☝️ Можна варыць з некалькіх гатункаў рыбы.
На наступны дзень боршч робіцца толькі смачнейшы!😉
Однако
LikeLike