Польшча: Чарніна (Czernina) – суп, запраўлены крывёй

Чарніна (па-польску «Czernina», «Czarnina», «Czornina», альбо проста «Czarna polewka» – чорны суп) – старапольская страва, распаўсюджаная ў КуяўскімКашубскімВелькапольскім і Малапольскім рэгіёнах.
Уяўляе з сябе звараны з сухафруктамі і спецыямі булён з качкі альбо гусі, запраўлены змяшанай з воцатам крывёй. Воцат неабходны, каб кроў не згортвалася.
Упершыню суп згадваўся яшчэ ў самай першай вядомай польскай кулінарнай кнізе 1682 года – «Compendium ferculorum, albo Zebranie potraw» Станіслава Чарнецкага.
Часам просты люд называў яго «вадкай крывянкай» – «kaszanka w płynie»
.

У Кашубах яго называюць «Czornina» і традыцыйна падаюць на Каляды.
Ну а ў Малапольшчы і Куявах чарніна (яе там яшчэ называюць шэрым супам) – вельмі непажаданая ў часе сватаўства страва. Калі ўбачыў – гамон, адмовілі…

Менавіта такі суп падалі ў замку Гарэшкаў Яцку Сапліцу. Адам Міцкевіч піша ў «Пане Тадэвушу»:

Нябожчык Стольнік, пан мой, знатны пан, мой пане,
Які ў павеце ў самай большай быў пашане,
Дачку красы анёльскай меў, таму нямала
Багатых панічоў рукі яе шукала.

Між шляхтай славіўся тады задзіра знаны,
Сапліца Яцак, Ваяводаю празваны,
Бо ён сапраўды многа ў ваяводстве значыў:
У ім правадыра ўвесь род Сапліцаў бачыў,
Дык трыста галасоў трымаў ён сільнай воляй,
А сам не меў нічога, проч кавалка поля
Ды шаблі і вусоў даўгіх, як у нікога.
Вось Стольнік заклікаў малойчыка ліхога
І ў замку частаваў, бо выбараў парою
Ён меў шмат галасоў з сябрамі і раднёю.
Пасля таго так абнаглеў Вусач-Сапліца,
Што ўздумаў у зяці да Стольніка ўкруціцца.
Ужо няпрошаны у замку ён з’яўляўся,
А потым, нібы ўдому, ў нас абсталяваўся.
Ужо збіраўся сватаць, ды чакаць не сталі
І чорнай поліўкай яго пачаставалі.
Як быццам Стальнічанцы ён упаў у вока,
Ды ад бацькоў таіла пачуццё глыбока.

У расійскім перакладзе Сусанны Георгіеўны Мар, дарэчы, чарніну замянілі на суп з сачавіцы:

Посватается он. Похлёбкой чечевичной
Однажды встречен был и не пришёл вторично!

А вось у перакладзе Ліядора Пальміна праўда ўсё ж трыюмфуе:

Пан стольник за Соплицу дочь не хотел отдать
И чёрную похлёбку велел на стол подать.

Паводле легенды, чарніна была адной з улюбёных страваў на каралеўскім стале Ягелонаў.

Нягледзячы на тое, што ў 2023 годзе чарніну прызналі другім па жудасці супам у свеце (па версіі сайта TasteAtlas), гэтую цудоўную страву ганарова ўключылі ў спіс традыцыйных польскіх прадуктаў.

Пакінуць каментар