Трахана – адзін з самых старажытных традыцыйных прадуктаў ва Усходнім Міжземнамор’і.
Некаторыя гісторыкі лічаць, што менавіта трахана была асноўнай ежай грэцкіх і рымскіх ваяроў у іх шматлікіх заваёўных паходах.
Трахана ўяўляе з сябе маленькія гранулы з пшаніцы, папярэдне вымачаныя ў малацэ. Калі ў казіным ці авечым – атрымліваецца салодкая трахана, калі ў кіслым малацэ ці ёгурце –кіслая.
Рэцэпт даволі просты: дробленую пшаніцу змешваюць з малаком альбо ёгуртам, каб утварылася густая маса. Затым яе высушваюць на сонцы да цвёрдасці, а потым чым-небудзь цяжкім размалочваюць на маленькія гранулы.
Асабліва папулярная цяпер у Грэцыі і грэцкім Кіпры.
Грэкі ўпэўненыя, што назва паходзіць ад грэцкіх словаў «τραγανός» – хрусткі, ці «τραχύς» – грубы.
Але ёсць версія і пра персідскае паходжанне слова.
Падобная назва распаўсюджанай ежы «тАРхана» сустракаецца ў персідскамоўных дакументах Аз-Замахшары XI стагоддзя, а ў энцыклапедыі Джахангіра XIII стагоддзя прысутнічае «тАРхІна» (гэта такая энцыклапедыя, названая ў гонар Джахангіра, імператара Індыі з дынастыі Вялікіх Маголаў).
«Тар» (Tar, تر) у перакладзе з персідскай азначае «вільготны, прасякнуты», ну а «хан» (khwān, خوان) перакладаецца як «стол» ці «вялікая драўляная міса».
Атрымліваецца, што персы б пераклалі гэта як «мокрая ці замочаная ежа». Што, трэба адзначыць, таксама выглядае даволі пераканаўча.
Звычайна трахану гатавалі ў канцы лета, калі сытыя каровы даюць шмат малака, а пшанічныя гранулы хутка высыхаюць пад гарачым міжземнаморскім сонцам. Такі спосаб дазваляў захаваць малочны смак траханы да наступнага цёплана сезону.