Швецыя: Бульбяная запяканка «Спакуса Янсана» (Janssons frestelse)

У Швецыі запяканка «Спакуса Янсана» — гэта амаль абавязковая страва на калядным («Джульбурд» (Julbord)) і велікодным стале («Поскбюфіе» (Påskbuffé)).

Паводле адной з легенд, запяканка атрымала сваю назву ў гонар скрайне радыкальнага манаха Эрыка Янсана. У 1846 годзе з-за пераследу за свае рэфарматарскія погляды Янсан збег са Швецыі ў ЗША, штат Ілінойс, дзе заснаваў калонію Бішоп-Хіл.
Манах увёў у калоніі вельмі строгія правілы, згодна з якімі, акрамя іншага, каланісты мелі быць надзвычай сціплымі ў ежы. І вось аднойчы паслядоўнікі Янсана, якія лічылі яго з’яўленне ледзь не другім прышэсцем Хрыста і ўжо даўно сядзелі на строгай дыеце, застукалі патрона за паяданнем запяканкі з анчоўсаў і бульбы, перамяшаных з тлустымі вяршкамі і сметанковым маслам…
Гісторыя не захавала звестак пра тое, што сказалі каланісты пробашчу, але далейшая кар’ера Янсана нібыта ўжо не была такой бліскучай…
Дарэчы, манах Эрык Янсан – цалкам рэальны персанаж, якога забілі ў 1850 годзе (праўда, невядома, ці вінаватая тут запяканка), а гарадок Бішоп-Хіл усё яшчэ стаіць. Паводле перапісу 2000 года, яго насельніцтва складае 125 чалавек.

Па іншай легендзе, страву вынайшаў папулярны оперны спявак Пер Адольф «Пеле» Янзан, які жыў паміж 1844 і 1889 гадамі. Янзан ладзіў гучныя імпрэзы з галонамі піва і тонамі закусак, сярод якіх вельмі папулярнымі былі і стравы з бульбы і анчоўсаў. Праўда, выкарыстоўваць назву «Janssons Frestelse» пачалі толькі праз сорак гадоў пасля яго смерці…

Ну і найбольш верагодная гісторыя. Запяканку «Спакуса Янсана» прыдумала ў 1928 годзе свецкая пані Эльвіра Стыгмарк са сваёй сяброўкай-кухарам Сафі Палін Брагордэ для тэматычнай імпрэзы, прысвечанай папулярнаму тады фільму «Спакуса Янсана».

Страва таксама распаўсюджана ў Фінляндыі, дзе яна вядомая як «Янсанінкіўсаўс» (Janssoninkiusaus).

Дарэчы, шведскі «ansjovis» (які, канечне ж, перакладаюць як англійскі «anchovies»), — гэта зусім не анчоўс, а рыба ў рэзкім марынадзе, што абавязкова трэба ўлічыць пра падрыхтоўцы запяканкі.
А тое, што ўвесь свет называе анчоўсамі, шведы называюць «sardeller».
Чаму шведы вырашылі збіць з панталыку наконт анчоўсаў увесь свет – навука маўчыць…

Пакінуць каментар