Мексіка: Начас (Nachos)

Начас — гэта закуска мексіканскага паходжання, якая складаецца з абсмажаных кавалачкаў кукурузнай аладкі (тарцільі), пакрытай соўсам (найчасцей сырным) альбо іншым начыннем.

Паводле легенды, страву прыдумалі ў Мексіцы, у гарадку П’едрас-Неграс, штат Каўіла. Месца дзеі — невялікі рэстаран пад назвай «El Moderno», якім кіраваў кухмістр Ігнасіа «Нача» Аная («Нача» — скарочаная форма імя «Ігнасіа»). Неяк увечары ва ўстанову завіталі сталыя кліенткі — жонкі амерыканскіх вайскоўцаў — і папрасілі што-небудзь перакусіць, хаця кухня была ўжо зачынена. Знаходлівы Игнасіа змяшаў сыр з кавалачкамі тарцільі, дадаў туды халапенья, разагрэў і падаў на стол. «Як гэта называецца?», — спыталі дамы, маючы на ўвазе страву. «Нача», — адказаў кухмістр, маючы на ўвазе сябе.

Нягледзячы на прастату ў прыгатаванні (а можа, і дзякуючы ёй), закуска імкліва набыла папулярнасць. Калі людзі жадалі замовіць яе, яны проста казалі: «Начас, калі ласка».

Сёння на радзіме начас, у П’едрас-Неграс, штогод праходзіць міжнародны фестываль начас – тры дні ў сярэдзіне кастрычніка, з канцэртамі і іншымі культурнымі мерапрыемствамі. Ну і, безумоўна, з конкурсам на самы вялікі начас.

Дарэчы, найвялікшую порцыю начас прыгатавалі ў 2012 годзе ў кампаніі Centerplate у Канзаскім універсітэце ў Лоўрэнсе, штат Канзас. Яна важыла 2127 кг і складалася з 347 кг чыпсаў нача, 184 кг сальсы, 147 кг памідораў, 416 кг мяса і бабоў і больш як 1000 кг сыра.

Ну а ў ЗША Нацыянальны дзень начас адзначаюць 6 лістапада.

Пакінуць каментар