Севічэ (Ceviche, Cebiche, Seviche альбо Sebiche) – традыцыйная страва ціхаакіянскага ўзбярэжжа Лацінскай Амерыкі.
Краіна паходжання севічэ – прадмет няспыннай дыскусіі, але большасць гісторыкаў ўсё ж схіляецца да Перу, дзе севічэ лічыццца нацыянальнай стравай.
Некаторыя археалагічныя знаходкі намякаюць, што нешта падобнае да севічэ (толькі без лімона, бо іх прывезлі з Еўропы пазней), ужывалі ў Перу амаль дзве тысячы гадоў таму.
Адзінай версіі паходжання назвы таксама няма. Паводле адной з іх, карані трэба шукаць у лацінскім «cibus», што перакладаецца як «ежа». Паводле іншай – назва паходзіць ад класічнага арабскага sakbāj (سكباج), што азначае «мяса, прыгатаванае ў воцаце».
Базавы варыянт уяўляе з сябе страву з сырой рыбы альбо морапрадуктаў у марынадзе з цытрусавага соку, прыпраўленую соллю, перцам і кінзой.
Ніжэй – рэцэпт севічэ з тунца з зялёнай цыбуляй і хвосцікавай салерай.