Грэцыя: Ёгуртна-агурковы соўс “Цацыкі” (ці дзадзікі, цi дзацыкі)

Слова «цацыкі» дзадзікі ці яшчэ як заўгодна – ўтварылася ад грэцкага «τζατζίκι (tzatziki)». А грэцкае «τζατζίκι» – ад турэцкага «cacık». А турэцкае «cacık» – ад армянскага «cacıg». А армянскае «cacıg», магчыма, ад персідскага «жаж» ( ژاژ ядомыя травы)… Ну і г. д.

– ёгурт грэцкі – 300 г
– агурок – 2-3 сярэдніх
– часнок – 3-6 зубцоў
– аліўкавы алей
1-2 ст. л.
– цытрынавы сок ці воцат
– соль, цукар, перац, спецыі (сушаны часнок, сушаны кроп, папрыка)


Агуркі ачысціць ад скуркі і нацерці на тарцы (дробнай ці для бульбы – як падабаецца).
Можна наогул блендэрам, калі хочацца кансістэнцыі смятаны.
Адціснуць праз сіта/марлю:

Вадкасць больш не патрэбная – хіба што замарозіць кубікамі і выкарыстоўваць ў касметычных мэтах 😊

Ёгурт пажадана выкарыстоўваць грэцкі, бо ён густы і з высокім утрыманнем бялку.
У Грэцыі звычайна бяруць ёгурт з казінага ці авечага малака.
Найлепшы замяняльнік – хатні з грэцкай закваскі:

Пасаліць, дадаць часнок (свежавыціснуты і сухі), папрыку і чорны перац:

Пакласці агурковую масу і сушаны кроп, перамяшаць.
Дадаць цытрынавы сок/воцат – паводле смаку. Уліць аліўкавы алей і добра перамяшаць:


Падаваць як дыпінг да хлеба альбо гародніны. Таксама часта падаюць да мясных страваў ці смажанай рыбы.

Часам дадаюць свежы дробна нашаткаваны кроп, пятрушку, чабор ці мяту.

Хаця самай вядомай стравай з агурка-ёгурту-часнаку з’яўляюцца цацыкі, падобныя рэцэпты ёсць шмат у якіх нацыянальных кухнях:

• На Кіпры гэта называецца талатуры (ttalattouri) – менш часнаку плюс мята.
• У персідскай кухні – mast-o-khiar.
• У Македоніі, Сербіі і Балгарыі такую страву называюць «сухі таратор» (па-балгарску – «сух таратор», па-сербску і па-македонску – «сув таратор»: варыянт халадніку «таратор» з адціснутага ёгурту).
• У Індыі – соўс райта. Робяць, акрамя агуркоў, таксама на базе цыбулі, морквы, ананасу ці папаі, дадаюць зіру і каляндру (сухую і лісце).
• У Іраку – джаджык: без часнаку, але з мятай ці кропам. Часам выкарыстоўваюць раздробненыя арэхі і разынкі як гарнір.
• У Турцыі – cacık. Дадаюць мяту, кроп, чабор (як свежыя, так і сушаныя), а часам папрыку і сумах.

Пакінуць каментар