ЗША-Польшча: Таматавы суп (Tomato soup)

Амерыканскі таматавы суп галоўны герой цыклу работ Эндзі Уорхала «Бляшанкі з супам Кэмбэл». На 32 палотнах выявы 32 розных відаў (☝️заўважце, усе супы розныя) таматавага супу фірмы «Campbell».

У ЗША таматавы суп упершыню згадваецца ў 1857 годзе ў кнізе году Элізы Лэслі «Новая кулінарная кніга».

Ну а ў Польшчы таматавы суп вядомы таксама з XIX стагоддзя, прычым вельмі папулярны дагэтуль.

Дарэчы, яшчэ адзін дзіка папулярны польскі суп – расол (rosół) – уяўляе з сябе проста адвольны булён з засмажанай цыбуляй, морквай і салерай/пятрушкай. Дык вось, польскі таматавы суп робяць практычна на базе таго ж расолу, і гэта з’яўляецца падставай для жартаў (маўляў, сённяшні таматавы суп гэта проста пазаўчорашні расол😉).

☝️Для вегетарыянскай версіі таматавага супу трэба проста замяніць мясны булён на гароднінны.


КласІЧНЫ амерЫКАНСКІ тАМАТАВЫ СУП

  • ялавічына для булёну – 500 г
  • вада – 1,5 л.
  • цёртыя таматы ці таматавая пасата – 1 л
  • цыбуля рэпкавая – 2 сярэдніх ці адна вялікая цыбуліна
  • цукар – 1 ч. л.
  • паніравальныя сухары – калі неабходна
  • соль, перац
  • базілік (па жаданні)

Памідоры аблупіць бязлітасна і здрабніць блендэрам (альбо працерці на тарцы, альбо перацерці праз сіта, альбо выкарыстоўваць гатовую таматавую пасату).

Далей варыянт з гатовай таматавай пасатай:

Пакласці мяса разам з косткамі ў рондаль, дадаць соль і перац.
Заліць вадой:

Зварыць моцны булён: палова вады павінна выкіпець.

Гатовы булён працадзіць.

Цыбулю дробна нарэзаць:

Спалучыць булён з таматамі:

Дадаць цыбулю, пакласці чайную лыжку цукру, каб крыху зменшыць кіслотнасць памідораў:

Варыць хвілін 30-40.

Калі трэба, крыху загусціць паніравальнымі сухарамі:

Па меркаванні Элізы Леслі, смак значна палепшыцца, калі разам з памідорамі дадаць у суп тонка нарэзанай баміі (яна ж окра, ці абельмош ядомы), і варыць да поўнага яе распушчэння.


Насамрэч, у «Новай кулінарнай кнізе» Элізы Леслі было тры версіі супу. Вышэйзгаданая – класічная, але былі і яшчэ 2:

Сямейны таматавы суп:

Замест «плябейскага» касцявога булёну выкарыстоўваецца «высакародны» булён з нятлустай ялавічыны, прычым мяса павінна цалкам ператварыцца ў «лахманы». Бамія – абавязковая. Кладзецца кавалачак сметанковага масла, абкачанага ў муцэ, а падаецца суп з крутонамі з белага хлеба.

Вытанчаны таматавы суп:

Мяса ў булёне варыцца асобна ў невялікай колькасці вады, пакуль булён не зробіцца вельмі густым і празрыстым.
Памідоры тушацца асобна ва ўласным соку.
Бамія – таксама асобна, у невялікай колькасці вады, да поўнага распушчэння.
Усе кампаненты асобна працэджваюць праз друшляк і спалучаюць.
Закладваецца кавалачак сметанковага масла, абкачанага ў муцэ, і ўсё кіпяціцца.
Падаецца з маленькімі булачкамі ці малочным печывам.


Польскі таматавы суп

  • мяса і гародніна для булёну – каб атрымаўся 1 літр вадкасці на выхадзе
  • цёртыя таматы ці таматавая пасата – 0.7 л
  • цыбуля рэпкавая – 2 сярэдніх ці адна вялікая
  • морква – 1 сярэдняя
  • корань пятрушкі/салеры – столькі ж, колькі морквы
  • таматавая паста – 1 ст. л. без горкі (па жаданні)
  • цукар – 1 ч. л.
  • паніравальныя сухары – калі неабходна
  • соль, перац
  • базілік, арэгана, пятрушка ці любісток (па жаданні)

Зварыць курыны, ялавічны ці гароднінны булён – як падабаецца. Можна нават сумесь, з поўным букетам гарні:

Памідоры аблупіць бязлітасна і здрабніць блендэрам, альбо працерці праз сіта, альбо выкарыстоўваць гатовую таматавую пасату.

Далей – варыянт з гатовай пасатай:

Пару памідораў можна нарэзаць на чвэрці і адкласці – для супу з кавалачкамі памідораў (гл. ніжэй).

Цыбулю нарэзаць дробна, пятрушку/салеру і моркву – на кубікі.
Калі не падабаецца нарэзаная на буйныя кавалкі гародніна – нацерці пятрушку/салеру і моркву на буйной тарцы:

У сметанковым масле абсмажыць цыбулю да празрыстага:

Дадаць пятрушку/салеру і моркву.
Абсмажваць да мяккасці гародніны:

Калі патрэбен суп з кавалкамі памідораў – абсмажваць адкладзеныя нарэзаныя памідоры на патэльні яшчэ хвілін 5:

Калі нацёртыя памідоры бледнаватыя ці занадта кіслыя – пакласці таматавую пасту, дадатковы цукар і яшчэ крыху абсмажыць.

Спалучыць булён з цёртымі памідорамі:

Пакласці засмажку.
Пасаліць і папярчыць:

Варыць хвілін 30-40.

Калі не падабаюцца кавалкі гародніны ў таматавым супе – пюраваць паглыбным блендэрам.

Палякі звычайна дадаюць у таматавы суп загадзя звараныя макароны ці рыс, часта запраўляюыць вяршкамі ці смятанай, а падаюць, пасыпаўшы дробна нарэзанай зелянінай:


Часам пры абсмажванні да цыбулі дадаюць часнок.

Гародніны можна выкарыстоўваць больш ці менш, у залежнасці ад асабістых пераваг (густы ці вадкі таматавы суп падабаецца).

Дарэчы, палякі часта не асабліва напружваюцца і ў якасці булёну проста распушчаюць у кіпені кубікі – курыныя, ялавічныя, свіныя і нават гароднінныя на скрайняк.😉Дарэчы, цалкам прымальна, калі трэба хутка.

Пакінуць каментар