Яшчэ адзін рэцэпт у стылі «ўчора было свята» (калі, як заўсёды, ежы прыгатавалі зашмат).
Карацей, калі трэба выратаваць учорашнюю смажаніну з бульбай, на дапамогу спяшаецца… Та-дам! Цірольскі Гростль!
Але трэба аддаць яму належнае – прыгатаваны без нагоды, ён ані не горшы (а мо, і лепшы) за гростль з учорашніх прадуктаў.
- бульба – 5 шт. (крыху менш за кілаграм)
- мяса – 0,5 кг (гэта можа быць любое мяса, бекон і нават сасіскі ці кілбаса), плюс можна змешваць розныя гатункі
- цыбуля рэпкавая – 2 сярэдніх ці 1 вялікая
- часнок – 3-4 зубчыкі (па жаданні)
- топленае масла
- зялёная цыбуля
- соль, перац, спецыі (кмен, маяран)
- яйкі – 4 шт.
Ніжэй – варыянт з ялавічынай і беконам.

Бульбу адварыць у мундзіры амаль да гатовасці, даць астыць. Гэта як бы сімуляцыя халоднай учорашняй бульбы.😉
Калі гатуеце гростль з мясам – мяса зварыць у падсоленай вадзе да гатовасці:

Бульбу нарэзаць на невялікія тонкія дзелькі ці колцы.
Мяса нарэзаць на палоскі ці парваць на валокны.
Калі выкарыстоўваеце кілбасу ці бекон – парэзаць на невялікія кавалкі ці палоскі.
Рэпкавую і зялёную цыбулю дробна насекчы:

На патэльні распусціць масла і абсмажыць рэпкавую цыбулю да празрыстага.
У большасці аўстрыйскіх рэцэптаў часнок не выскрыстоўваюць, але часам здараецца. Усё залежыць ад любові да часнаку:

Калі выкарыстоўваеце бекон, дадаць яго на патэльню:

Абсмажваць цыбулю з беконам да залацістага. Калі бекону няма – абсмажваць да залацістага толькі цыбулю:

Затым пакласці вараную бульбу і смажыць да з’яўлення залацістай скарынкі:

Усыпаць соль, перац і спецыі:

Дадаць мяса і давесці да гатовасці:

Пасыпаць дробна насечанай зялёнай цыбуляй і добра перамяшаць:

На асобнай патэльні засмажыць яечню з 4-х яек.
Падаваць гарачым з яечняй, пасыпаўшы жаўток перцам и соллю:


Guten Appetit!
☝️Часам разам з мясам дадаюць памідоры ці грыбы. Гэта, безумоўна, смачна, але ўжо не аўтэнтыка…