Стэрылізацыя слоікаў

Перад размовай пра стэрылізацыю слоікаў хуценька закранем тэму стэрылізацыі накрывак.
Трэба проста старанна іх прамыць і апусціць у ваду, што кіпіць на мінімальным агні: поліэтыленавыя накрыўкі секунд на 20, а тыя, што закручваюцца, варта пракіпяціць хвілін 15.
Акуратна дастаць шчыпцамі і прасушыць.


Ну а ніжэй тры, на мой погляд, самых простых спосабы стэрылізацыі слоікаў.

Усе выявы, дарэчы, згенерыў штучны інтэлект.😉


Самы класічны варыянт – на пары

У рондаль набраць вады і давесці да кіпення.

На рондаль пакласці рашотку (можна дастаць з духоўкі) альбо друшляк.
Паставіць на рашотку слоікі рыльцам уніз.

Стэрылізаваць хвілін 15.
Старанна высушыць.
Слоікі гатовыя да выкарыстання.

Плюс такога спосабу можна стэрылізаваць вялікія слоікі.

Самы просты – у духоўцы

Паставіць слоікі ў халодную духоўку, выставіць рэжым з тэмпературай 120-130°C.

Па дасягненні гэтай тэмпературы стэрылізаваць хвілін 25.

Акуратна дастаць сухой (☝️абавязкова, інакш слоік лопне!) рукавіцай альбо ручніком.

Даць астыць.

Слоікі гатовыя да выкарыстання.

Самы Хуткі – у мікрахвалёўцы

Вільготны слоік з невялікай колькасцю вады (менш за сантыметр) паставіць у мікрахвалёўку і ўключыць на максімальны рэжым хвіліны на 3-4.

Акуратна дастаць, галоўнае не апячыся.

Старанна высушыць.

Слоікі гатовыя да выкарыстання.🫙

Пакінуць каментар