Малдова: Салата па-сарокску — пячонка з радыскай

У гэтым выпадку «сарока» не мае ніякага дачынення да нашай улюбёнай, адважнай і цікаўнай птушкі, падобнай у палёце да шрубалёта😉.

Проста салата паходзіць з Сарокі (Soroca) — вельмі сімпатычнага мястэчка з крэпасцю канца XV стагоддзя ў Рэспубліцы Малдова.

  • пячонка ялавічная ці свіная – 250 г
  • радыска 350 г
  • мука – 1 ст. л. з горкай
  • масла сметанковае
  • смятана
  • соль, перац
  • зеляніна (пятрушка)

Пячонку, ялавічную ці свіную, прамыць, ачысціць ад плёнкі.
Нарэзаць на пласцінкі:

Пасаліць, папярчыць:

Абкачаць у муцэ:

Засмажыць да гатовасці на сметанковым масле.

Як варыянт – спачатку злёгку абсмажыць, потым давесці да гатовасці ў духоўцы:

Гатовую пячонку астудзіць.

Пакуль яна астуджаецца, радыску старанна вымыць:

Нарэзаць на тонкія колцы ці саломкай як падабаецца.
Пячонку нарэзаць на кубікі:

Прапусціць пячонку праз мясарубку альбо здрабніць блендэрам. У блендэр можна папярэдне дадаць крыху смятаны, каб спрасціць яму працу.

Дадаць радыску і заправіць смятанай.
Праверыць на соль, перац.
Пасыпаць насечанай зелянінай.

Часам атрымліваецца такі вось сімпатычны торцік-слаёнка радыска-пячонка-смятана:

Але чамусьці звычайна выходзіць вось так 😄:


У інтэрнэце сустракаюцца рэцэпты з курынай пячонкай, але перавагу варта аддаць усё ж ялавічнай ці свіной.

Пакінуць каментар