Мексіка: Таматавая Сальса “Піка-дэ-гая” (Tomato salsa “Pico de gallo”)

Паводле Authentic Mexican: Regional Cooking from the Heart of Mexico, сваю назву «Pico de gallo» («дзюба пеўня» ў перакладзе) соус атрымаў з-за падабенства з птушыным кормам.😏
Але ёсць і альтэрнатыўныя версіі
. Адна з іх кажа, што соус бралі вялікім і ўказальным пальцамі, і гэта рабіла руку падобнай да пеўневай дзюбы.🤏🏼 Другая версія што перац серана падобны да дзюбы.🐔🐓

Дарэчы, слова «Salsa» перакладаецца з іспанскай проста як «соус», таму трэба заўсёды ўдакладняць, якая менавіта сальса маецца на ўвазе.

Гэта незаменная штука для фахітас, бурытас ці начас, але цудоўна пасуе і проста да любога смажанага на грылі мяса.

Нягледзячы на тое, што піка-дэ-гая можна рабіць з любога гатунку чылі, класічнымі лічацца зялёныя халапенья і серана. Сальсу з такім перцам часта называюць «Salsa Mexicana» («мексіканскі соус»), ці «Salsa Bandera» («соус сцяга»), бо памідоры, цыбуля і чылі разам складаюцца ў колеры мексіканскага сцяга.

Яшчэ сярод магчымых варыянтаў назвы піка-дэ-гая «salsa fresca» (свежы соус), ці «salsa cruda» (сыры соус).

Не варта блытаць са звычайнай таматавай сальсай «salsa roja» чырвоны соус. Яе робяць з вараных таматаў, і на смак яна падобная да кетчупа.

  • памідоры 3 сярэдніх
  • цыбуля рэпкавая 1 сярэдняя
  • чылі перац 1 шт.
  • часнок 3-5 зубчыкаў
  • кінза 1-2 пучкі
  • сок лайма на смак
  • соль буйнога памолу на смак
  • свежамолаты чорны перац на смак

Ідэальныя памідоры для сальсы спелыя і сакавітыя, з сапраўдным памідоравым смакам і пахам. Можна, вядома, прыгатаваць і з бледных здыхлякоў, але ўсё ж варта выдаткаваць час і грошы і адшукаць тры нармальныя таматы.🍅

Перац, як ужо гаварылася вышэй, лепш за ўсё браць халапенья і серана. Але калі такіх няма, падыдзе любы чылі перац пажаданай вастрыні:

Памідоры аблупіць неміласэрна.

Ачышчаныя памідоры нарэзаць на кубікі пажаданага памеру: для начас можна буйней, для бурыта лепш драбней. Галоўнае не блендэрам, бо атрымаецца каша:

Цыбулю нарэзаць як мага больш дробна, далучыць да памідораў:

Чылі перац ачысціць ад насення і таксама нарэзаць як найдрабней.

Адправіць у соус і добра перамяшаць:

Базавы піка-дэ-гая гатовы. Але лепш працягнуць😉.

Здрабніць часнок вельмі старанна (можна скарыстаць выціскалку).
Кінзу насекчы не надта дробна. Адправіць з часнаком у соус.

Дадаць соль, перац:

Дадаць сок лайма на смак. Звычайна хапае аднаго лайма, але трэба каштаваць:

Добра перамяшаць і даць настаяцца ў лядоўні не менш за гадзіну, каб усе інгрэдыенты набрынялі агульным водарам:


У Мексіцы гэты соус часта называюць «салёны Піка-дэ-гая», таму што ёсць яшчэ і «салодкі Піка-дэ-гая», які па сутнасці з’яўляецца звычайным садавінавым кактэйлем. Ды і наогул мексіканцы часта называюць так любую салату з гародніны ці садавіны.

У Мексіцы часам робяць піка-дэ-гая не з памідораў, а з тамацілья, які называюць «мексіканскім таматам», хаця на самой справе гэта фізаліс.

💡Можна дадаць пару лыжак аліўкавага алею, так сальса стане яшчэ смачнейшай.

Пакінуць каментар