Італія (Сіцылія): Паста з баклажанамі (Pasta alla Norma)

Самая папулярная сіцылійская паста, асабліва ў Катаніі.

Крыніцы сцвярджаюць, што яе назвалі ў гонар оперы Вінчэнца Беліні «Норма».
Выглядае на тое, што гэта не жарт: кампазітар Беліні быў родам з Катаніі, а яго лірычная трагедыя ў двух актах «Норма» пасля прэм’еры ў XIX стагоддзі стала шалёна папулярнай.
Выраз «Alla Norma!» увайшоў ва ўжытак як праява навышэйшага захаплення.
Лічыцца, што менавіта так паста з баклажанамі набыла сённяшнюю назву «Pasta alla Norma». Маўляў, каштуючы яе, наведнікі рэстаранаў не маглі стрымацца: «Гэта ж проста Норма нейкая!!!»…

  • паста – кароткая, не спагеці. На Сіцыліі найчасцей выкарыстоўваюць свежую пасту казарэчэ (casarecce)
  • баклажан – 1 вялікі
  • часнок – 2-4 зубцы
  • памідоры – 3-4 вялікіх саспелых (калі трэба вадкі соўс, то і больш)
  • сыр рыкота салата (ricotta salata) – 100 г. Можна, але вельмi непажадана, замяніць на пекарына рамана (pecorino romano) плюс звычайная рыкота
  • аліўкавы алей
  • зеляніна – пучок базіліка і паўпучка пятрушкі (абавязкова), можна дадаць пару каліўцаў мяты
  • соль, перац, спецыі (арэгана)

Баклажан нарэзаць на лустачкі таўшчынёй каля 0.5 см:

Багата пасыпаць соллю:

Паставіць пад прыгнёт (а каму цяпер лёгка?🤨) і даць пастаяць не менш за 30 хвілін (а лепш пару гадзін), каб выцек горкі сок:

Змыць рэшткі солі, крыху выціснуць і прасушыць папяровымі ручнікамі.

Абсмажыць колцы ў аліўкавым алеі да залацістага колеру. Выкласці на папяровыя ручнікі, каб яны ўвабралі лішкі алею:

Памідоры аблупіць бязлітасна і здрабніць:

У базіліка аддзяліць сцябліны, пакінуўшы маладыя мякчэйшыя часткі. Адкласці траціну лісця:

Часнок нарэзаць тонкімі пласцінкамі. Сцябліны і адкладзеную траціну лісця базіліка дробна насекчы:

На патэльні разагрэць аліўкавы алей і абсмажыць пласцінкі часнаку – яны павінны пусціць водар, але не перасохнуць:

Дадаць да абсмажанага часнаку дробна насечаныя сцяблінкі і тую самую здрабнёную траціну лісця базіліка:

Уліць памідоравую масу, закрыць накрыўкай і тушыць хвілін 15 на павольным агні.

Пакуль соус кіпіць, нарэзаць баклажаны на маленькія кавалачкі (пару колцаў пакінуўшы на афармленне), насекчы рэшткі базіліку і пятрушку, не вельмі дробна:

Усё гэта дадаць да памідорна-базілікава-часночнай масы на патэльні.

Заправіць соллю, перцам і арэгана. Калі соус атрымаўся закіслы дадаць чайную лыжку цукру.

Давесці да кіпення:

Цяпер сыр:

Як я ўжо казаў, калі няма ricotta salata, можна (але вельмi непажадана) ўзяць пекарына рамана (pecorino romano) плюс звычайная рыкота:

Pecorino (ён цвёрды) нацерці на дробнай тарцы, мяккі сыр проста размяць:

Макароны зварыць al dente.

Падаваць, заліўшы пасту соусам і шчодра пасыпаўшы сырам:

Buon appetito!!!😉

Пакінуць каментар