Мексіка: Начас (Nachos)

Начас — гэта закуска мексіканскага паходжання, якая складаецца з абсмажаных кавалачкаў кукурузнай аладкі (тарцільі), пакрытай соусам (найчасцей сырным) альбо іншым начыннем.

Паводле легенды, страву прыдумалі ў Мексіцы, у гарадку П’едрас-Неграс, штат Каўіла. Месца дзеі невялікі рэстаран пад назвай «El Moderno», якім кіраваў кухмістр Ігнасіа «Нача» Аная («Нача» скарочаная форма імя «Ігнасіа»). Неяк увечары ва ўстанову завіталі сталыя кліенткі жонкі амерыканскіх вайскоўцаў і папрасілі што-небудзь перакусіць, хаця кухня была ўжо зачынена. Знаходлівы Игнасіа змяшаў сыр з кавалачкамі тарцільі, дадаў туды халапенья, разагрэў і падаў на стол. «Як гэта называецца?», спыталі дамы, маючы на ўвазе страву. «Нача», адказаў кухмістр, маючы на ўвазе сябе.

Нягледзячы на прастату ў прыгатаванні (а можа, і дзякуючы ёй), закуска імкліва набыла папулярнасць. Калі людзі жадалі замовіць яе, яны проста казалі: «Начас, калі ласка».

Сёння на радзіме начас, у П’едрас-Неграс, штогод праходзіць міжнародны фестываль начас – тры дні ў сярэдзіне кастрычніка, з канцэртамі і іншымі культурнымі мерапрыемствамі. Ну і, безумоўна, з конкурсам на самы вялікі начас.

Дарэчы, найвялікшую порцыю начас прыгатавалі ў 2012 годзе ў кампаніі Centerplate у Канзаскім універсітэце ў Лоўрэнсе, штат Канзас. Яна важыла 2127 кг і складалася з 347 кг чыпсаў нача, 184 кг сальсы, 147 кг памідораў, 416 кг мяса і бабоў і больш як 1000 кг сыру.

Ну а ў ЗША Нацыянальны дзень начас адзначаюць 6 лістапада.

👨🏼‍🍳 👨🏼‍🍳 👨🏼‍🍳 👨🏼‍🍳 👨🏼‍🍳 👨🏼‍🍳 👨🏼‍🍳

  • кукурузная тарцілья альбо гатовыя чыпсы начас

Каб зрабіць чыпсы начас самому, трэба проста абсмажыць кавалкі кукурузнай тарцільі.
Але значна прасцей купіць гатовыя:

Традыцыйны рэцэпт:

Прыгатаваць сырны соус для начас (Salsa de queso para nachos).

Чыпсы начас заліць сырным соусам і пасыпаць чырвоным перцам пажаданай вастрыні:

Можна дадаць кавалачкі халапенья альбо іншага перцу.

Начас З чылі кон карнэ:

Гэта бадай самы папулярны рэцэпт начас.

Прыгатаваць Чылі Кон Карнэ (Chili Con Carne).

На талерцы (падносе, сподку і г.д.) раскласці чыпсы, а зверху размясціць чылі кон карнэ:

Пасыпаць цёртым сырам:

Некалькі слаёў толькі вітаюцца:

Запекчы ў гарачай духоўцы альбо разагрэць у мікрахвалёўцы:

Bueno, buen apetito!


У ірландскіх пабах часам падаюць «ірландскія начас» – з начынкай, пакладзенай на запечаную бульбу ці нават на бульбу фры.

Ёсць нават варыянт так званых дэсертных начас. Хаця называць іх «начас» – няправільна. Гэта проста нешта салодкае накшталт джэму, шакаладу ці нават зефіру, выкладзенае на хрумсткую аснову.

Самыя распаўсюджаныя варыянты начынкі:

  • фасоля
  • нарэзанае і абсмажанае мяса, здробнены стэйк, часам бекон, кілбаса пепероні ці вяндліна
  • соўс «Гуакамоле»
  • соўс «Піка дэ гала»
  • востры перац
  • кінза
  • зялёная цыбуля
  • латук
  • лайм
  • аліўкі
  • часнок
  • смятана

Самыя распаўсюджаныя сыры, якія выкарыстоўваюцца для начас:

  • чэдар (англійскі сыр)
  • каціха (мексіканскі сыр)
  • ахака (мексіканскі сыр)
  • мацарэла тальянскі сыр)
  • мантэрэй Джэк (каліфарнійскі сыр)
  • пеперджэк (каліфарнійскі сыр)
  • провель (папулярны ў Сэнт-Луісе)
  • сырны тварог (кавалкі сыраваткі, папулярныя ў Канадзе)

Начынкі і сыры могуць падавацца ў выглядзе шведскага стала, каб кожны мог сабраць свой начас сам.

Пакінуць каментар