Таджыкістан: Муркабоб (курыная смажаніна)

У перакладзе з таджыкскай «мург» азначае «курыца», «кабоб» «смажаная».

У прынцыпе, звычайная курыная смажаніна ў казан-стылі. Але як гучыць!🙂

  • курыца – 1 невялікая
  • бульба – 3-4 сярэдніх
  • цыбуля рэпкавая – 2 сярэдніх
  • морква 2 сярэдніх
  • памідор – 1-2 невялікіх
  • часнок – 4-5 зубцоў
  • курдзючны тлучш ці масла сметанковае
  • зеляніна (кінза, базілік, пятрушка) – не шкадаваць
  • соль, перац, спецыі (каляндра, зіра, аніс, чабор, папрыка, барбарыс)

Гародніну нарэзаць на буйныя кавалкі: цыбулю на паўколцы, моркву на колцы, бульбу – на дзелькі.
Памідоры разрэзаць упоперак і нацерці на буйной тарцы (ці аблупіць бязлітасна і здрабніць блендэрам):

☝️У ідэале муркабоб гатуюць у казане: магутны шчыльны жар для хуткага абсмажвання і затым тушэння.
Каб наблізіць вынік да прыгатаванай у казане смажаніны, варта ўзяць чыгунную жароўню (у скрайнім выпадку, вок) і даволі моцна разагрэць яе. Абсмажваць усе інгрэдыенты на моцным агні.

Курыцу разрэзаць на кавалкі, пасаліць, папярчыць.
Абсмажваць да залацістага колеру. У арыгінале гэта робіцца ў курдзючным тлушчы:

Дадаць выціснуты часнок, цыбулю і моркву:

Смажыць, памешваючы, на моцным агні 5-7 хвілін.

Затым пакласці нацёртыя памідоры і абсмажваць, памешваючы (☝️зноў жа, на моцным агні), яшчэ 5 хвілін:

Дадаць соль, перац, спецыі і яшчэ злёгку абсмажыць. Пакласці бульбу:

Заліць невялікай колькасцю булёну ці вады так, каб пакрыць прадукты:

Тушыць на невялікім агні да гатовасці.

Тым часам падрыхтаваць зеляніну:

Зеляніну дробна насекчы.

У гатовую смажаніну пакласці палову:

Перамяшаць, праверыць на соль, спецыі. Даць крыху настаяцца:

Пры падачы пасыпаць рэштай насечанай зеляніны:

Пакінуць каментар