Тайланд: Манга сцікі-райс (Mango sticky rice) – клейкі рыс з манга

Назва самага папулярнага ў Тайландзе дэсерту па-тайску гучыць яе «Као ніо мамуан» (Khao niao mamuang, ці ข้าวเหนียวมะม่วง), і тут усё проста: као – рыс, ніо – ліпкі, мамуан – манга.

  • клейкі рыс – 150 г (у крайнім выпадку можна замяніць на рыс для сушы)
  • манга – 1 спелае, лепш за ўсё жоўтае тайскае (палова манга на порцыю)
  • какосавае малако – 150 мл для рысу
  • какосавае малако – 10 мл для салёнага соусу (гэты соус робіцца па жаданні, ён не абавязковы для стравы)
  • цукар пальмавы альбо трысняговы – 4 ст. л.
  • жоўтыя абсмажаныя бабы мунг альбо кунжут – 1 ст. л.
  • соль – на смак, зусім няшмат
  • лыжка рысавага крухмалу

Вельмі важна выкарыстоўваць правільны рыс. Патрэбны спецыяльны крухмалісты гатунак, таму ідэальны варыянт знайсці ліпкі рыс, як на фота. Але калі такога няма, усё атрымаецца і з рысу для сушы. Толькі, калі ласка, ніякіх жасмінаў і басмаці:

Манга асноўны смакавы кампанент гэтага дэсерту, рыс фонавы смак для манга. Ідэальны варыянт спелае жоўтае тайскае манга: тайцы звычайна выбіраюць гатунак Нам Док Маі. Але звычайнае спелае манга таксама падыдзе.

Не менш важна правільна выбраць какосавае малако: яно павінна быць максімальнай тлустасці:

Рыс:

Высыпаць рыс у якую-небудзь пасудзіну:

Заліць халоднай вадой і перамяшаць. Вада хутка зробіцца вельмі мутнай, бо такія гатункі рысу надзвычай крухмалістыя:

Прамыць рыс некалькі разоў у халоднай вадзе, каб пазбыцца крухмалу. Вада ў выніку павінна зрабіцца празрыстай, і гэта вельмі важна:

Зноў заліць рыс свежай вадой і пакінуць мінімум на 4 гадзіны, а лепш на ноч. Чым даўжэй ён будзе мокнуць, тым хутчэй згатуецца.
Ваду зліць, яшчэ раз прамыць і адкінуць на друшляк. ☝️Рабіць гэта варта асцярожна, бо пасля замочвання рыс робіцца крохкім. Даць добра сцячы вадзе:

Усе гэтыя складаныя маніпуляцыі патрэбныя, каб пазбыцца крухмалу, які можа стварыць няправільную кансістэнцыю і надаць кіславаты прысмак.

Калі ў вас ёсць параварка, можна проста зварыць рыс у ёй – гэта зойме каля 25-30 хвілін. Калі адтуліны ў параварцы занадта вялікія, на дно варта пасцяліць марлю альбо тонкую сурвэтку з тканіны, каб зярняты не правальваліся.

Ну а калі параваркі пад рукой няма, можна ўзяць вялікі рондаль і напоўніць яго вадой на чвэрць:

Пакласці зверху друшляк і пераканацца, што вада да яго не дастае:

Калі алтуліны друшляка вялікія – на дно пасцяліць марлю альбо тонкую сурвэтку з тканіны.
Раўнамерна размеркаваць рыс па паверхні і накрыць накрыўкай:

Давесці ваду да кіпення, затым панізіць агонь да мінімуму.
Гатаваць рыс на пары хвілін 25-30, затым пакаштаваць: гатовы рыс мае быць злёнку аль дэнтэ. Калі трэба – паварыць яшчэ, залежыць ад рысу.

Салёны какосавы сіроп (апцыянальна):

Уліць у рондаль крыху какосавага малака і падрыхтаваць крухмал:

Распусціць крухмал у невялікай колькасці вады.
Дадаць распушчаны крухмал да какосавага малака.
Усыпаць соль (дзесьці 1/2 ч. л.)
Памешваючы, давесці да кіпення, даць крыху загусцець:

Какосавы сіроп:

Выліць какосавае малако ў рондаль:

Дадаць соль (дзесьці 1/2 ч. л.) і цукар:

Награваць, пакуль цукар не распусціцца:

Сцікі райс:

Гатовы рыс перакласці ў міску:

Заліць салодкім сіропам і старанна перамяшаць (☝️і рыс, і сіроп маюць быць гарачымі):

Пакуль што страва нагадвае густы суп, але гэта пройдзе. Трэба проста накрыць накрыўкай і пакінуць хвілін на 20:

Затым зноў злёгку перамяшаць і пакінуць яшчэ на паўгадзіны – рыс павінен увабраць какосавы сіроп.

Манга сцікі райс:

Тым часам манга ачысціць ад скуры і нарэзаць на тонкія дзелькі.

Калі рыс насыціцца сіропам, пакласці яго на талерку, дадаць пару лустачак манга, паліць салёным сіропам (калі вы яго рабілі) і пасыпаць смажанымі бабамі мунг альбо кунжутам (апошняе – па жаданні: калі не падабаецца лёгкае пахрумстванне, то не пасыпайце):

ขอให้ทานให้อร่อยนะ!


Часам белы клейкі рыс замяняюць на чорны – тады дэсерт выходзіць вясёленькага фіялетавага колеру.😉

Нягледзячы на тое, што родам клейкі рыс з Тайланду, амаль гэткія ж дэсерты вельмі папулярныя ў Камбоджы і ў Лаосе, прычым у Лаосе яго могуць падаць як з манга, так і без.

Не менш паважаюць клейкі рыс і на Філіпінах, толькі там да яго дадаюць імбір і дадаткова могуць заліць гарачым шакаладам.

Пакінуць каментар