У прынцыпе, ліманад – гэта зусім проста: вада з лімонам.
Але вось з Бразільскім ліманадам – суцэльная блытаніна: у Бразіліі яго называюць Швейцарскім малочным ліманадам, хаця прыдумалі яго ў Бразіліі, і ва ўсім свеце яго называюць Бразільскім.🙃
І, нягледзячы на назву «ліманад», гатуюць яго не з лімона, а з лайма.🍋🟩
Але ва ўсяго ёсць тлумачэнне.👌
Швейцарскім у Бразіліі ліманад называюць таму, што ў яго склад уваходзіць згушчанае малако. А доўгі час у Бразіліі дамінавала згушчонка адной вядомай швейцарскай фірмы, у якой назва пачынаецца з «N».
А ліманадам гэты напой называецца таму, што лайм у Бразіліі вядомы як «тайскі лімон» – limão-taiti.
- лайм – 4 шт.
- вада – 1 л
- згушчанае малако – 250 мл
- лёд – 7-10 кубікаў

Старанна вымыць лаймы.
Адрэзаць хвосцікі і нарэзаць на дзелькі так, каб пазбыцца сярэдзіны (яна гаркавіць):

Пакласці лаймы ў блендар, дадаць вады:

Узбіваць, пакуль лаймы не здрабняцца, – хвілінку-другую:

Працадзіць праз дробнае сіта, каб пазбыцца скуркі:

Блендар спаласнуць.
Вярнуць вадкасць у блендар. Дадаць лёд і згушчонку:

Узбіць да аднароднай кансістэнцыі.
Падаваць халодным:

Калі ліманад недастаткова халодны – рашуча дадаць лёд. (Ліманад даволі насычаны, і на смак гэта асабліва не паўплывае).
Часам дадаюць мяту, гэта таксама надзвычай смачна.
Безумоўна, з пункту гледжання СХ (Слушнага харчавання), гэты ліманад – занадта салодкі. Тут кожны вырашае сам, але традыцыя ёсць традыцыя.🙂 Да таго ж, калі замяніць згушчонку на расліннае малако і дадаць заменнік цукру – атрымаецца проста жудасна…
А згушчонка і малако супраць спёкі – гэта як… Дарт Вэйдар супраць Чалавека-Павука. Але паспрабаваць варта.😁