Фінляндыя: Калакейта/Лахікейта (суп малочны з рыбай)

«Kalakeitto» перакладаецца проста як «рыбны суп», ну а «Lohikeitto»  «суп з ласося».

Kalakeitto – суп на кожны дзень, Lohikeitto – гэта ўжо з нейкай нагоды. Ну накшталт сёння дранікі, заўтра дранікі, а вось у нядзелю – бабка са шкваркамі.😋

У традыцыйным варыянце ў складзе толькі вада, рыба, бульба і загушчанае мукой малако з маслам. Пазней сталі пасыпаць кропам і запраўляць цыбуляй і салерай.

Але самы галоўны фокус калі ў Калакейта замяніць малако на вяршкі, а траску на ласося, то атрымаецца… святочны суп Лахікейта!😁

  • вада ці рыбны булён – 450 мл
  • малако – 350 мл (для Лахікейта вяршкі 10%)
  • філе белай рыбы звычайна траскі ці камбалы – 350 г (для Лахікейта патрэбны ласось)
  • бульба – 3 сярэдніх
  • цыбуля рэпкавая – 1 сярэдняя
  • корань пятрушкі ці салеры – 2/3 ад колькасці цыбулі
  • сметанковае масла – 1 ст. л.
  • мука – 0,5 ст. л.
  • кроп – паўпучка

Бульбу парэзаць на кубікі, пятрушку/салеру саломкай.
Рыбу на кавалкі пажаданага памеру.
Цыбулю дробна нарэзаць, кроп дробна насекчы:

Ваду (а яшчэ лепш рыбны булён) закіпяціць, пакласці ў яго рыбу, варыць 10 хв., затым дастаць:

У булён пакласці бульбу, дробна нарэзаную цыбулю, пятрушку, пасаліць і варыць яшчэ 10-15 хвілін:

Тым часам падрыхтаваць заправу.

У малако дадаць муку:

Узбіць да аднароднага стану:

Уліць сумесь у суп і працягваць варыць, памешваючы, да гатовасці бульбы.

Вярнуць рыбнае мяса, што мы раней дасталі з супу, дадаць кроп і масла. Старанна перамяшаць і спраўдзіць на соль.

Зняць з агню, закрыць накрыўкай і вытрымаць 3-5 хв.

Падаваць гарачым:


Спалучэнне малака і рыбы даволі традыцыйнае для паўночных прыморскіх краін. Напрыклад, у Нарвегіі ёсць Norsk fiskesuppe, а ў Шатландыі суп Кален-скінк. Хутка напішу і пра іх.

Пакінуць каментар