Хапама (ղափամա) – армянская вясельная страва, сімвал багацця.
«Каб жыццё маладых было салодкім, багатым і яркім, як плоў, запечаны ў гарбузе»!😋
Традыцыйна гатуюць хапаму і на Каляды.
• гарбуз – 1 шт. невялікага памеру (пажадана салодкі)
• рыс
• масла сметанковае
• алыча
• разынкі
• курага
• яблыкі
• міндаль
• цукар
• карыца
• мёд
• соль (па жаданні)
Колькасць/вага інгрэдыентаў залежыць ад памеру гарбуза.
Агульная прапорцыя: рысу – 40%, яблыкаў – 20%, астатняе – сухафрукты і арэхі, на смак.
Але гэта не аксіёма: можна рабіць больш свежы яблычны смак, а можна – больш салодкі, паклаўшы больш курагі і мёду. Карацей, як хочацца на дадзены момант.

Рыс зварыць да гатовасці al dente.
Яблыкі ачысціць ад скуркі і нарэзаць на кубікі альбо саломкай.
Гарбуз вымыць, зрэзаць вярхушку і пры дапамозе лыжкі выдаліць насенне, затым тонкай лыжкай выразаць мякаць.
Гарбуз змазаць знутры мёдам (не абавязкова, але пажадана):

Мякаць гарбуза дробна нарэзаць, дадаць вараны рыс, разынкі, алычу, курагу, міндаль, нарэзаныя яблыкі, цукар, молатую карыцу (на кончыку нажа, бо страва можа стаць прытарнай) і старанна перамяшаць.
Соль – па жаданні:

Падрыхтаваным фаршам напоўніць гарбуз (не да самых краёў, бо фарш набрыняе):

У сярэдзіну і зверху пакласці па кавалачку сметанковага масла, уліць крыху мядовай вады (так, гэта проста вада з мёдам) і закрыць зрэзанай вярхушкай альбо фальгой.
Бакавіны гарбуза змазаць аліўкавым альбо іншым алеем.
Паставіць гарбуз на змазаную тлушчам бляху (лепш за ўсё на пеперу для запякання) і запякаць у духоўцы пры 180-200 °C да гатовасці (вялікі гарбуз – гадзіны 2, маленькі можа і за паўгадзіны):

У класічным варыянце – толькі разынкі, яблыкі і алыча (ад салодкага да кіслага).
Важна, каб у страве чыталіся як кіслыя, так і салодкія ноты.
Алычу можна замяніць на журавіны – яны таксама адыграюць кіслінку.
Калі ў гарбуза занадта тоўстыя сценкі, можна пасля зачысткі паставіць яго на некалькі хвілін у мікрахвалёўку на максімум – так будзе хутчэй запякацца.
Амаль усе беларускія гарбузы не асабліва салодкія, таму не трэба шкадаваць мёду.
Сухафрукты і арэхі можна браць любыя (грэцкі арэх, слівы і г. д.)
☝️Пра гэтую страву, дарэчы, ёсць песня: Арут Памбукчан, «Hey Jan Ghapama» (пра працэс прыгатавання і з’ядання хапамы).🎃