Грузія: Гурулі, альбо птушка па-гурыйску (птушка, тушаная з цыбуляй і арэхамі)

«Гурулі» гэта птушка, прыгатаваная ў гурыйскім стылі, прасцей кажучы «птушка па-гурыйску».

Ну а гурыйцы – гэта жыхары Гурыйскага краю на захадзе Грузіі.
Героі шматлікіх анекдотаў, гурыйцы славяцца:

  • дасціпнасцю,
  • уменнем прыгожа выйсці з любой цяжкай сітуацыі
  • талентам атрымаць на рынку найлепшыя зніжкі.

Злыя языкі, праўда, кажуць, што гурыйцы злёгку скупаватыя…
Tой, хто так гаворыць, няхай першы кіне ў мяне камень.😉

  • птушка ~ 1 кг (традыцыйна курыца цалкам, але можна гатаваць і з іншай разабранай ці цэлай птушкі)
  • масла топленае – 1,5 ст. л.
  • соль, перац

Соус:

  • цыбуля рэпкавая – 2 вялікія
  • чырвонае сухое віно – 200 мл
  • арэхі грэцкія тоўчаныя – 4–5  ст. л.
  • імбір цёрты 1 ст. л
  • воцат вінны – 2-3 ст. л.
  • зеляніна (кінза – 1-2 пучкі, пятрушка – 1 пучок (па жаданні))
  • хмелі-сунэлі – 2-3 ч. л.
  • карыца – на кончыку нажа
  • гваздзіка молатая – на кончыку нажа

Робім на прыкладзе курыных сцягнячкоў.


Птушка:

Птушку вымыць, высушыць.
Пасаліць, папярчыць, нарэзаць на кавалачкі і абсмажыць на топленым масле да румянай скарынкі:

Соус:

Арэхі здрабніць блендэрам, альбо лепш пракруціць праз мясарубку.

Зеляніну дробна насекчы, імбір нацерці на дробнай тарцы:

Цыбулю нашаткаваць на паўколцы:

1/3 зеляніны пакінуць для гатовай стравы.
2/3 дадаць да тоўчаных арэхаў:

Пакласці нацёрты імбір і спецыі:

Старанна перамяшаць:

Дадаць нарэзаную на колцы цыбулю, перамяшаць:

Уліць віно і воцат, дадаць чайную лыжку цукру і соль, усё перамяшаць і даць злёгку настаяцца:

Крыху пасаліць і папярчыць.

Абсмажаныя кавалкі перакласці ў рондаль.
Заліць падрыхтаваным соусам, перамяшаць:

Накрыць накрыўкай і тушыць да гатовасці на павольным агні. Пры неабходнасці падліць яшчэ крыху віна.

Праверыць на соль, перац і спецыі.

Падаваць, пасыпаўшы рэштай зеляніны:


Можна гатаваць з любой хатняй птушкі.

Сустракаюцца рэцэпты гурулі і з белым віном.

☝️Сцягнячкі хуткі, зручны, але не найлепшы варыянт, бо яны вялікія і не вельмі добра насычаюцца.
Лепш усё ж разабраць цэлую птушку.

Пакінуць каментар