Мексіка: Соус “Гуакамоле” (Guacamole)

Соус мае выразныя ацтэкскія карані. Назва «Гуакамоле» («Guacamole» па-іспанску), паходзіць ад ацтэкскага āhuacamōlli, якое, у сваю чаргу, складаецца з дзвюх частак: āhuacatl (авакада) і mōlli (соус).

Першапачаткова гуакамоле ўяўляў з сябе проста расцёртую мякаць авакада з соллю.
Цяпер у яго практычна заўсёды дадаюць чылі перац, кінзу, белую рэпкавую цыбулю і сок лайма
.

Цудоўны соус для начас, такас, бурытас і г. д. Настолькі папулярны, што адзначаюць нават Нацыянальный дзень гуакамоле – 16 верасня, у Дзень незалежнасці Мексікі.

  • авакада – 2 шт.
  • цыбуля рэпкавая – 1/2 цыбуліны
  • чылі перац – 2 струкі
  • кінза – пучок
  • сок лайма – на смак
  • марская соль – на смак

Авакада разрэзаць уздоўж, выдаліць костачку і лыжкай выбраць мякаць.
Цыбулю нарэзаць як мага драбней.
У чылі перца выдаліць насенне і перагародкі і дробна нарэзаць:

Кінзу дробна насекчы:

Размяць авакада відэльцам да атрымання аднароднай масы. ☝️Але не да кансістэнцыі пюрэ! Павінны адчувацца кавалачкі мякаці (узбітая міксерам аднародная сумесь лічыцца ў Мексіцы танным соусам для фастфуду):

Дадаць цыбулю і перац.

Уліць сок лайма і пасаліць.
Пастаянна правяраць на гэтым этапе фармуецца смак гуакамоле:

Дадаць кінзу:

Перамяшаць:

Адразу ж падаваць на стол, паколькі гуакамоле хутка цямнее на паветры:


Самыя папулярныя дадаткі да гуакамоле часнок і памідор:

Памідор аблупіць бязлітасна, часнок здрабніць прэсам для часнаку:

Дадаць часнок і памідор да гатовага гуакамоле:

Старанна перамяшаць:


Яшчэ некалькі магчымых дадаткаў, у парадку папулярнасці:

  • зялёная цыбуля
  • арэгана
  • смятана
  • вараны гарох
  • фарш з морапрадуктаў

Захоўваць гуакамоле лепш за ўсё ў шчыльна закрытым пакунку, каб максімальна абмежаваць паверхню, што кантактуе з паветрам. Можна накрыць пасудзіну з соусам харчовай плёнкай так, каб яна ляжала на паверхні.

У ЗША і Еўропе ў гатовы дыпінг гуакамоле, што прадаецца ў крамах, пастаянна дадаюць маянэз. Не варта купляць гэтую брыдоту.😣

У Венесуэле ёсць падобны соус – Гуасакака, які ўяўляе з сябе расцёртую мякаць авакада з воцатам. Звычайна падаюць да прыгатаваных на грылі страваў.

Пара Цікавых фактаў пра авакада:

На пачатку ХХ стагоддзя авакада называлі «груша з кракадзілавай скурай».

Па легендзе, ацтэкскія жанчыны не маглі збіраць плады авакада, паколькі яны сімвалізавалі мужчынскія тэстыкулы.

Дарэчы, а вось сапраўдная прычына, па якой мякаць авакада цямнее:

З-за прысутнасці паліфеналаксідазы ў клетках авакада ўздзеянне кіслароду паветра выклікае ферментатыўную рэакцыю і выпрацоўвае пігмент меланаідын, у выніку чаго мякаць авакада робіцца карычневай.
Вось так…🥑

Пакінуць каментар