Грузія: Зялёнае лобія з мясам (тушаная струковая фасоля з мясам)

Лобія (па-грузінску ლობიო) перакладаецца як «фасоля».
Так можа называцца любая страва, у базавы склад якой уваходзіць любая фасоля і струковая, і ў зярнятах. Можа быць як з мясам, так і без.

Першапачаткова лобія, дарэчы, рабілі не з фасолі, а з пладоў даліхаса — гіяцынтавага боба. Фасолі тады ў Грузіі яшчэ не было, яна там з’явілася толькі ў канцы XVII стагоддзя.

У варыянце ніжэй – лобія з зялёнай струковай фасолі, альбо «мцванэ лобія» (მწვანე ლობიო), з мясам.

  • фасоля струковая 300 г
  • мяса (бараніна альбо ялавічына) – 300 г. У прынцыпе, можна рабіць і з курыцы, калі не вельмі строга трымацца традыцый.😉
  • цыбуля рэпкавая 1-2 сярэдніх
  • часнок 3-6 зубцоў
  • зеляніна (кінза, мята, пятруш­ка – абавязкова, плюс чабор, эстрагон, базілік) па невялікім пучку
  • соль, перац, спецыі (хмелі-сунэлі, уцха-сунэлі (ён жа блакітны пажытнік), плюс можна ўзмацніць каляндру, папрыку, размарын ці чабер, якія ўваходзяць у склад хмелі-сунэлі).

Мяса нарэзаць на кавалкі памерам з грэцкі арэх:

Пасыпаць спецыямі і перцам:

Абсмажыць у алеі да залацістай скарынкі:

Дадаць дробна нашаткаваную цыбулю і абсмажыць разам да залацістага:

Уліць крыху булёну, дадаць палову часнаку (душанага), закрыць накрыўкай і тушыць на невялікім агні амаль да гатовасці:

Тым часам фасолю нарэзаць на невялікія кавалкі і падрыхтаваць зеляніну:

Дадаць да мяса нарэзаныя струкі фасолі, пасаліць.
Дадаць, калі трэба, булён каб фасоля была крыху накрытая вадкасцю. Тушыць пад закрытай накрыўкай да гатовасці мяса і фасолі.

☝️Свежая фасоля будзе гатовая прыкладна праз 20-25 хвілін, а замарожаная – значна хутчэй, праз хвілін 5-10.

Кантраляваць ваду, бо можа падгарэць.

Пакуль тушыцца мяса, насекчы зеляніну (але не занадта дробна).

Калі мяса і фасоля гатовыя, заправіць насечанай зелянінай, рэштай душанага часнаку, чорным перцам.
Спраўдзіць на соль, спецыі.

Зняць з пліты, даць настаяцца:


☝️ Важна дамагчыся правільнай колькасці соусу – яго павінна быць не зашмат, але ён мае быць канцэнтраваным. Прасцей кажучы, страва павінна быць вельмі сакавітай.

Пакінуць каментар