Балгарыя: Плакія з рыбы

Плакіі гэта запяканкі з якога-небудзь базавага прадукту пад марынадам з рознай варанай ці тушанай гародніны. Прычым абавязкова выкарыстоўваюцца цыбуля, часнок і спецыі.
У якасці асновы можа выступаць любое мяса, рыба ці гародніна.

Падаюць як гарачымі, так і ахалоджанымі да пакаёвай тэмпературы (але не халоднымі).

Ніжэй плакія з судака пад марынадам з цыбулі, салеры і памідораў.

  • рыба – 400-500 г (звычайна карп, судак ці скумбрыя)
  • памідоры – 5-6 сярэдніх
  • цыбуля рэпкавая – 2 вялікія
  • корань салеры альбо пятрушкі – аб’ём прыкладна 1/3 ад аб’ёму цыбулі
  • часнок – 4-7 зубцоў
  • лімон па жаданні
  • мука – 0,5 ст. л.
  • зеляніна (пятрушка) пучок
  • соль, перац, спецыі (лаўровы ліст, перац чорны і англійскі (гарошак), папрыка, чабер, размарын)

Рыбу разабраць на філе. Калі вялікая, то нарэзаць на кавалкі:

Абкачаць у муцэ з соллю і перцам:

Абсмажыць да залацістага колеру, пакласці ў форму для запякання:

Падрыхтаваць гародніну:

Цыбулю нарэзаць на чвэрцьколцы, салеру саломкай, часнок на пласцінкі.
Зеляніну насекчы не занадта дробна.
Палову памідораў аблупіць бязлітасна і здрабніць блендарам (а можна разрэзаць упоперак і нацерці на буйной тарцы так, каб засталася толькі скурка):

Марынад:

Абсмажыць цыбулю з салерай да залацістага:

Пакласці паўлыжкі мукі і яшчэ крыху абсмажыць.

Дадаць здробненыя памідоры, соль, часнок, чорны перац, лаўровы ліст і спецыі:

Давесці да кіпення. Павінна атрымацца кансістэцыя смятаны. Калі ж вадкасці мала развесці булёнам ці вадой.

Праверыць на смак: марынад павінен быць кісла-салодкім, менавіта ён вызначае будучы смак стравы.

Пратушыць хвалін пяць, дадаць палову пятрушкі і выключыць агонь:

Калі атрымаецца дастаць лаўровы ліст і перац (які гарошкам). Калі не камусьці не пашанцуе.😉

Заліць марынадам рыбу ў форме для запякання:

Лімон і памідор парэзаць на тонкія дзелькі і выкласці на марынад:

Запякаць у духоўцы пры 170°C да гатовасці хвілін 20-30:

Падаваць, пасыпаўшы рэшткамі пятрушкі, можна як у гарачым, так і ў ахалоджаным да пакаёвай тэмпературы (але не халодным) выглядзе.


Плакія – гэта канструктар. У якасці асновы можа выступаць альбо любое мяса, альбо любая рыба, альбо гародніна звычайна фасоля, спаржавая фасоля, баклажан, кабачок, бульба, морква, квяцістая капуста і нават грыбы.

Кабачкі/цукіні папярэдне вараць асобна.

☝️Не шкадуйце памідораў менавіта яны даюць прыемную кіслінку, асабліва ў спалучэнні з лімонам.

☝️І не варта рабіць занадта тоўсты слой – дрэнна прапячэцца.

Пакінуць каментар