ЗША: Дэнверскі амлет (Denver Omelet)

Дэнверскі амлет (які часам называюць яшчэ Паўднёва-заходнім альбо Заходнім амлетам) класічны амерыканскі сняданак.

Паводле адной легенды, дэнверскі амлет прыдумалі ў XIX стагоддзі каўбоі, што ганялі быдла па бяскрайніх раўнінах Каларада.
Паводле іншай, шматлікія кітайскія кухары, якія працавалі для лесанарыхтоўчых лагераў і чыгуначных брыгад, падавалі на хлебе вестэрнізаваны варыянт варыянт яечні «фу янг» для мясцовых рабочых. У выніку нібыта і сфармаваўся сучасны дэнверскі амлет.

Інгрэдыенты могуць злёгку адрознівацца: некаторыя дадаюць шампіньёны, некаторыя – авакада, некаторыя не абсмажваюць начынку, і г. д. Але класічны рэцэпт – з салодкім перцам, цыбуляй і вяндлінай.

  • яйкі – 2 шт.
  • малако ці вада 2 ч. л.
  • сыр чэдар – 2 ст. л. з горкай, нацёртага на буйной тарцы
  • вяндліна – 2 ст. л. с горкай, нарэзанай на невялікія кубікі
  • перац салодкі – 3 ст. л., нарэзанага на невялікія кубікі
  • цыбуля – адна маленькая цыбуліна
  • раслінны алей альбо сметанковае масла
  • соль, перац
  • зялёная цыбуля – невялікі пучок (па жаданні)

Ідэальны варыянт – змяшаць зялёны і чырвоны перац (каб спалучыць слодыч чырвонага і свежасць зялёнага перцаў):

Перац, цыбулю і вяндліну нарэзаць на маленькія кубікі.
Сыр нацерці на буйной тарцы:

Абсмажыць вяндліну ў масле на невялікім агні да лёгкага румянцу:

Дадаць цыбулю і салодкі перац.
Абсмажваць да з’яўлення яркага перачнага паху, каля 2 хвілін:

Адкласці абсмажаную гародніну з вяндлінай, працерці патэльню папяровым ручніком (усялякія перфекцыяністы (накшталт мяне😉) абавязаны, безумоўна, вымыць патэльню і выцерці насуха).

Змяшаць яйкі з малаком, пасаліць і добра ўзбіць.
☝️Дарэчы, замест малака часам выкарыстоўваюць простую ваду: даданне вадкасці да яек робіцца для аслаблення сувязі бялкоў паміж сабою, і гэта дапамагае атрымаць больш гладкую тэкстуру амлету:

Разагрэць патэльню з маслам/алеем.

Выліць яйкі з малаком у патэльню і раўнамерна размеркаваць па паверхні.
Зменшыць агонь да мінімуму і смажыць, пакуль уся вадкасць не схопіцца:

Пасыпаць нацёртым сырам палову амлету:

Пакласці вяндліну з гароднінай на сыр:

Пасыпаць сырам:

Накрыць другой паловай амлету:

Закрыць накрыўкай, выключыць агонь і даць сыру расплавіцца.

Падаваць, пасыпаўшы зялёнай цыбуляй.
Гэта па жаданні, канечне… Але ж жоўты амлет і зялёная цыбуля – гэта чароўна, як дзьмухаўцы на сонечным лужку…☀️


Ну а калі дэнверскі амлет пакласці паміж двума кавалачкамі хлеба, то атрымаецца дэнверскі сандвіч.😁

Часам у дэнверскі амлет дадаюць кавалачкі хаш-браўн – амерыканскіх бульбяных аладак, прыгатаваных з нацёртай на буйной тарцы бульбы.😋

Пакінуць каментар