Захоўванне мяса в расплаўленым тлушчы – адзін з самых старажытных спосабаў кансервацыі.
Прыгатаванае такім спосабам мяса можа захоўвацца да года.
Назва пайшла ад французскага слова «confire» («зацукроўваць», «марынаваць»).
Ну а слова «confire» – ад лацінскага «conficere» («рабіць», «гатаваць»). Першапачаткова «confit» азначала «зацукраваная садавіна»: адсюль і пайшлі словы «канфіцюр» і «цукерка».
Французы лічаць сапраўдным конфі толькі стравы з качкі, у скрайнім выпадку – з гуся. Усе астатнія гатункі мяса ў качыным тлушчы называюцца інакш: «en confit». Напрыклад, курыца ў качыным тлушчы будзе не «confit de poule» (курыца конфі), а «poulet en confit» – (курыца Ў конфі).
- качыныя ножкі – 3 шт.
- качыны тлушч – 500-700 мл
- часнок – 3-4 зубчыкі
- чабор – 3 галінкі
- размарын – 3 галінкі
- дадатковыя спецыі – ядловец, лаўровы ліст (на смак)
- соль, перац
Скурку на качыных ножках трэба надрэзаць ці пракалоць відэльцам, каб выходзіў тлушч:

Нацерці соллю і перцам, выціснутым часнаком, лаўровым лістом, чаборам і размарынам. Часам дадаюць цыбулю і ядловец.
Скласці ножкі скуркай долу ў тэрмаўстойлівы посуд:

Шчыльна закрыць (можна харчовай плёнкай) і марынаваць у закрытым посудзе ў лядоўні суткі ці двое (часам нават трое).
Перагарнуць ножкі скуркай дагары.
Калі падабаецца часнаковы смак – раскласці нарэзаны на пласцінкі часнок:

Заліць ножкі распаленым качыным тлушчам:

Адправіць у разагрэтую да 130-140° С духоўку і трымаць там каля 2-3 гадзін.
Мяса ў выніку мае лёгка аддзяляцца ад костак.
Акурат на гэтым этапе можна перагрузіць ножкі ў керамічны альбо шкляны посуд так, каб тлушч цалкам пакрываў мяса, і захоўваць у прахалодным месцы 2-3 месяцы, а ў лядоўні – нават больш.
Перад падачай разагрэць на патэльні альбо ў духоўцы да румянай скарынкі:

Ідэальна з садавінавым соусам і запечаным часнаком.
☝️Не варта апасацца вялізнай колькасці тлушчу – мяса яго не ўбірае, і на вашых баках ён на адкладзецца.😉
Найлепшыя часткі качкі для прыгатавання конфі – ножкі, паляндвіца і качыныя страўнікі.
Для ідэальнага смаку і доўгага захоўвання варта браць менавіта качыны тлушч: ён добра застывае пры пакаёвай тэмпературы. Але, калі вы плануеце з’есці ўсё мяса адразу і не захоўваць яго, то можна выкарыстоўваць тлушч любой птушкі і нават раслінны алей.