Мексіка + ЗША, Тэхас: Чылі Кон Карнэ (Chili Con Carne)

З іспанскага перакладаецца як «перац чылі з мясам».

Упершыню падобную страву згадалі ў 1529 годзе. Манах-францішканец Бернардына дэ Саагун апісаў тушанае мяса з прыправамі з перцу чылі, якое гатавалі ў сталіцы ацтэкаў Ценачцітлане (цяпер на яе месцы знаходзіцца сталіца Мексікі Мехіка).

Рэцэпт чылі з мясам заўважылі ў 1850 годзе ў армейскім лагеры ў Мантэрэі, на тэрыторыі цяперашняга Нуэва-Леон у Мексіцы: вяленую ялавічыну, сала, сушаны перац чылі і соль пераціралі, фармавалі з гэтай масы невялікія кубікі і пакідалі сохнуць на сонцы. Потым іх можна было размочваць і тушыць у збанках.

Ну а канкрэтна назва «Чылі кон карнэ» ўпершыню згадваецца ў кнізе 1857 года пра мексікана-амерыканскую вайну.


Не магу не працытаваць урыўку з апавядання О. Генры «Чароўны пацалунак», дзе ўзносяць хвалу непаўторнаму смаку чылі кон карнэ. Галоўны герой, аптэчны клерк Сэмюэль Танзі, – вялікі аматар гэтай стравы:

Танзі часта па начах прыходзіў да гэтых стоек, каб пакаштаваць цудоўнага «Chili-con-carne». Страва, вынайдзеная геніем мексіканцаў, яна складалася з кавалачкаў далікатнага мяса з духмянымі травамі, багата палітых вострым чырвоным соусам «Chili». Яго асаблівы смак, вогненная пякота падабаліся паднябенню сапраўднага паўднёўца.

Далей Танзі сустракае мексіканца Торэса, уладальніка стойкі па продажы чылі кон карнэ, які аказываецца ні больш ні менш – несмяротным. Торэс дзеліцца рэцэптам неўміручасці:

— Ну і што гэта за такая здаровая ежа, пра якую вы гаварылі? — спытаў Танзі. — Паслухайце мяне, — адказаў Торэс, падсоўваючыся да яго ўсім целам, і ледзь не ўлёгшыся на стальніцу. — Ну, гэта таксама «Chili-con-carne», але толькі прыгатаванае не з мяса кураняці, а з цела сеньярыты, маладой і далікатнай. Вось з чаго складаецца сакрэт. Вы павінныя есці гэткае мяса кожны месяц, але рабіць гэта да поўні, і тады вам ніколі не будзе пагражаць смерць...

Ніжэй – рэцэпт чылі кон карнэ з банальнай ялавічыны.😉

  • фарш (у арыгінале ялавічны) ці дробна пасечанае мяса – 400-500 г
  • цыбуля рэпкавая – адна вялікая цыбуліна
  • чылі перац – залежыць ад пажаданай вастрыні
  • часнок – 3-5 зубцоў, можна больш
  • цукар – 1 ч. л. альбо, як пераважна робяць у Мексіцы, дзве-тры дзелькі цёмнага шакаладу
  • папрыка вэнджаная салодкая – 1 ч. л.
  • папрыка вострая – па жаданні
  • соль, перац, спецыі (каляндра, арэгана, зіра)

Дадаткова:

  • памідоры – 2-3 сярэдніх
  • фасоля пінта (стракатая), чырвоная ці чорная – 1 бляшанка

Фарш у рэцэптах можна сустрэць і свіны, і курыны, але традыцыйна выкарыстоўваецца ялавічны:

Абсмажыць фарш, увесь час перамешваючы і дробнячы камякі, да рудога колеру.

Амаль гатовы фарш адкласці. Тлушч лепш пакінуць на патэльні і зліць, ён тут лішні:

Тым часам падрыхтаваць гародніну і спецыі:

Чылі перац разрэзаць напалам, выдаліць пладаножку і насенне, нарэзаць паўколцамі.
Часнок дробна насекчы.
Цыбулю дробна нашаткаваць:

Цыбулю абсмажыць да празрыстасці:

Дадаць часнок, чырвоны перац:

Усыпаць папрыку і спецыі:

Старанна перамяшаць і абсмажваць не невялікім агні яшчэ пару хвілін, памешваючы:

Пакласці абсмажаны фарш, перамяшаць:

Заліць 100-200 мл булёну альбо вады – важна не пераліць, бо чылі кон карнэ павінен быць даволі густы.
Дадаць цукар альбо шакалад:

Тушыць да гатовасці, пры неабходнасці дадаючы ваду ці булён.

Спраўдзіць на цукар, соль, спецыі.

Класічны тэхаскі варыянт чылі кон карнэ гатовы:

Цяпер ўсе прызнаюць, што раннія версіі чылі не ўключалі фасолі і памідораў.
У 1999 годдзе Міжнароднае таварыства ацэнкі перцу чылі (аказваецца, ёсць і такая арганізацыя) нават спецыяльна ўказала, што фасолю забараняецца ўключаць у працэс прыгатавання чылі для афіцыйных спаборніцтваў, якія звычайна праходзяць у тэхаскім гарадку Тэрлінгуа.

Але менавіта такі варыянт – чылі кон карнэ з памідорамі і фасоляй – найбольш распаўсюджаны як у Мексіцы, так і ў Тэхасе, насуперак прадпісанням. Часам памідоры замяняюць таматнай пастай. У ЗША, напрыклад, на бляшанках з кансерваваным чылі без фасолі часта так і пішуць – «чылі без фасолі», а з фасоляй у тамаце – «фасоля для чылі».

Такім чынам, мы працягваем. Ніжэй – версія з памідорамі і з фасоляй пінта:

Памідоры дробна нарэзаць, фасоля – адкрыць бляшанку:

Дадаць усё гэта да мяса, закрыць накрыўкай і тушыць на маленькім агні, перыядычна памешваючы, каб соус не падгарэў, хвілін 15.

Спраўдзіць на спецыі: чылі кон карнэ – даволі вострая страва.

Спраўдзіць на колькасць булёну: чылі кон карнэ – даволі густая страва.

Даць настаяцца.

Традыцыйныя варыянты падачы – з чыпсамі начас і сырам:

Альбо са смятанай на падушцы з варанага доўгазернавога рысу:

Можна дадаць сыр:

Ну а яшчэ чылі кон карнэ дадаюць у бурыта.


Часам таксама выкарыстоўваюць маяран.

Разам з памідорамі можна дадаць вяленыя таматы.


Найбольш папулярныя варыянты чылі кон карнэ:

Белы чылі кон карнэ

Гатуюць з курыцы ці індычкі, светлага курынага булёну, белай фасолі і зялёнага перцу чылі. Страва выходзіць светлай, амаль белай.
Пры падачы часта дадаюць белы сыр і/альбо смятану.

Чылі вердэ (зялёны чылі кон карнэ)

Звычайна робяць са свініны, паволі пратушанай у курыным булёне.
Гатуюць з часнаком, зялёнымі памідорамі і смажаным зялёным чылі перцам – халапенья, серана, хэтч, паблана ці хабанэра, – з-за чаго чылі выходзіць зялёняе і досыць вострае.

Вегетарыянскі чылі, альбо «чылі нон карнэ» (чылі без мяса)

Гатуюць на базе тофу, кіноа, батату альбо бульбы, амаль заўсёды кладуць фасолю.
Часам дадаюць кукурузу, гарбуз, смажаныя грыбы, буракі…

Пакінуць каментар