Клэм-чаўдэр вядомы яшчэ з XVIII стагоддзя як спадчына маракоў: саланіна (цяпер бекон) і галеты (цяпер крэкеры) былі на кожным караблі. Ну а малюскі – справа нажыўная. Па старых амерыканскіх рэцэптах гэты суп першапачаткова быў больш густы і падобны да смажаніны.
Назва «Clam chowder» складаецца з двух англійскіх словаў. «Сlam» у ЗША выкарыстоўваюць для азначэння любых прыдатных у ежу двухстворкавых малюскаў. Ну а «сhowder» (пахлёбка), у сваю чаргу, паходзіць ад французскага «Chaudiere» (вялікі рондаль).
Ёсць два асноўныя віды клэм-чаўдэраў: Новаанглійскі, ці Бостанскі клэм-чаўдэр, у які дадаюць малако, і больш малады Манхэтанскі клэм-чаўдэр, у якім прысутнічаюць памідоры.
Натуральна, прыхільнікі розных відаў клэм-чаўдэра вядуць адчайныя халівары.
Так, напрыклад, у штаце Мэн у 1939 годзе адзін палітык падаў у Палату прадстаўнікоў законапраект пра ўвядзенне крымінальнай адказнасці за дадаванне памідораў у суп з малюскамі. У якасці пакарання вінаваты павінен быў выкапаць загадзя закапаную бочку з малюскамі ў часе прыліву (што немагчыма).
Праўда, скончылася усё звычайным конкурсам па прыгатаванні клэм-чаўдэраў, і Манхэтанскі клэм-чаўдэр быў ушчэнт разгромлены.
Ніжэй – Новаанглійскі, альбо Бостанскі клэм-чаўдэр.
- малюскі – 250 г без ракавін
- бекон ці панчэта – 4-5 лустачак, альбо 150 г
- сметанковае масла – 2 ст. л.
- цыбуля рэпкавая – 1 вялікая цыбуліна
- часнок – 3-4 зубчыкі
- мука – 2 ст. л. без горкі
- бульба – 3 сярэдніх
- вяршкі 10 % – 200 мл
- корань салеры – палова ад колькасці бульбы (па жаданні можна замяніць на плюс адну бульбіну)
- зеляніна пятрушкі – некалькі каліўцаў
- соль, перац, спецыі (лаўровы ліст – адзін сярэдні, чабор – пару каліўцаў ці 0,5 ч. л. сухога)
- крэкеры (у Новай Англіі папулярныя вустрычныя, але пасуюць любыя)
Малюскаў добра прамыць пад струменем вады:

Калі малюскі ў ракавінах свежыя – абварыць кіпенем, прамыць і пакласці ў ваду, якая кіпіць.
Зноў давесці да кіпення і варыць каля 2 хвілін (калі вельмі вялікія – 3-4 хвіліны), пакуль малюскі не раскрыюцца.
Пераліць булён ад малюскаў у асобную пасудзіну, пакінуўшы на дне пясок.
Нераскрытых малюскаў выкінуць – яны могуць быць сапсаваныя.
Астатніх астудзіць і дастаць з ракавін.
Калі малюскі замарожаныя (звычайна яны ўжо вараныя) – кінуць іх у ваду, якая кіпіць, зноў давесці да кіпення і варыць хвіліны паўтары-дзве (калі вялікія, то тры).
Булён зліць у асобную пасудзіну.
Калі малюскі кансерваваныя, то проста адкрыць слоік і зліць вадкасць у асобную пасудзіну. ☝️Галоўнае – выкарыстоўваць не марынаваных, а проста кансерваваных у салёнай вадзе малюскаў, інакш у супу будзе непрыемны прысмак!
У выніку павінна атрымацца каля 200 г вараных малюскаў і 200 мл вадкасці:

Падрыхтаваць гародніну і бекон:

Бекон, цыбулю і часнок дробна насекчы.
Бульбу і салеру нарэзаць на кубікі:

Бекон абсмажыць да хрусткай скарынкі і адкласці:

Цыбулю і часнок абсмажыць у сметанковым масле да празрыстасці:

Дадаць чабор і лаўровы ліст, абсмажваць да з’яўлення выразнага паху спецый:

Пакласці муку і абсмажваць пару хвілін:

Паступова уліць вадкасць, што засталася ад варкі малюскаў, увесь час памешваючы, і вяршкі:

Тушыць хвілін 5, пакуль уся сумесь не стане падобнай да пасты.
Дадаць салеру і бульбу, развесці булёнам з гародніны да неабходнай кансістэнцыі і варыць на невялікім агні да мяккасці гародніны:

Пасаліць, папярчыць:

Дадаць у суп малюскаў, давесці да кіпення і выключыць.
Падаваць з крэкерамі, пасыпаўшы беконам і дробна насечанай зелянінай.

Крэкеры можна нават пакрышыць у суп для дадатковай гушчыні:

Часам для яркасці смаку дадаюць некалькі кропель цытрынавага соку, соусу ворчэстэр ці белага віна.
Пасыпаць суп можна не толькі пятрушкай, але і зялёнай цыбуляй (пажадана шніт-цыбуляй).
Адзін з варыянтваў клэм-чаўдэру – фіш-чаўдэр (Fish chowder). Гатуецца гэткім жа чынам, але замест малюскаў (а часам і разам з імі) выкарыстоўваюць рыбу (звычайна траску). А акрамя бульбы і салеры, дадаюць яшчэ смажаную цыбулю.