Балгарыя: Бабовы суп па-манастырску (Боб Чорба по манастирски)

Рэцэпт манастырскага супу з сезоннай гародніны. Інгрэдыенты могуць змяняцца ў залежнасці ад сезону, але база заўсёды бабы ці фасоля. Можна выкарыстоўваць як адзін гатунак, так і некалькі розных.

Дарэчы, у супах балгарскай манастырскай кухні амаль ніколі нічога не абсмажваюць і нічым не запраўляюць (акрамя воцату). Ну а калі цыбулю і моркву ўсё ж абсмажыць, а суп заправіць ёгуртам, атрымаецца амаль звычайная боб-чорба.

  • бабы і (альбо) фасоля – 250-300 г
  • цыбуля рэпкавая 1 вялікая
  • часнок – паўгалоўкі ці больш (як падабаецца)
  • морква – 2 сярэдніх
  • корань салеры/пастарнаку/пятрушкі – палова ад колькасці морквы
  • памідоры – 2 невялікіх
  • перац салодкі – адзін сярэдні
  • перац востры – 1 струк (па жаданні), альбо молаты чырвоны востры (колькасць рэгулюеце самі)
  • алей аліўкавы 30 мл
  • сухая мята  0,5 ч. л.
  • воцат
  • зеляніна (пятрушка) – паўпучка
  • соль, перац, папрыка

Бабы і (альбо) фасолю добра прамыць:

Фасолю замачыць у халоднай вадзе на 4-5 гадзін (лепш на ноч).

Рэпкавую цыбулю дробна нарэзаць. Моркву нарэзаць на колцы сярэдняй таўшчыні.
Салеру/пастарнак/пятрушку на палоскі.
Часнок – на тоўстыя пласціны (можна выкарыстоўваць нават зубцы цалкам):

Памідоры і салодкі перац нарэзаць на невялікія кубікі, зеляніну нашаткаваць (не задробна).

Востры перац узрэзаць уздоўж струка і акуратна выдаліць насенне разам з асновай.
Мякаць нарэзаць на тонкія палоскі.
Можна, вядома, і не выдаляць насення: усё залежыць ад вастрыні перцу. Варта папярэдне перажаваць дзельку з насеннем, каб зарыентавацца (калі хопіць адвагі😉):

Фасолю заліць халоднай вадой (1,5 2 літры) і варыць без солі (інакш фасоля зацвярдзее) на невялікім агні да мяккасці.

Уліць аліўкавы алей, дадаць цыбулю, часнок, салеру/пастарнак/пятрушку і моркву. Варыць яшчэ 20 хвілін.

Пакласці нарэзаныя на дзелькі памідоры, салодкі перац, востры перац.
Дадаць соль, перац, папрыку і сухую мяту.
Варыць хвілін 10, пакуль перац і памідор не памякчэюць.

Пры падачы заправіць раздушаным часнаком і пасыпаць дробна насечанай пятрушкай:

У Балгарыі супы часта запраўляюць воцатам адна-дзве чайных лыжкі на талерку. Варта паспрабаваць, гэта смачна.


Гэта ўсярэднены рэцэпт манастырскай боб-чорбы.

У розных манастырах у яе дадаюць самыя разнастайныя сушаныя і свежыя травы: чабор, чабер (☝️гэта розныя расліны, падкрэсліваю!), дзевясіл, а таксама арэхі напрыклад, арахіс.
Можна і трэба эксперыментаваць з рэгіянальнай і сезоннай гароднінай: бульба, кабачкі, баклажаны і г. д.

Суп вельмі прыдасца ў пост.

Пакінуць каментар